Украіна ўвяла санкцыі супраць 6 беларускіх кампаній, звязаных са зброяй
Кадр з відэапрэзентацыі прадукцыі "БелОМА" / youtu.be/4ZWrrG2imJY
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб санкцыях супраць фірмаў і людзей з Беларусі, Расіі і Грузіі.
Указам прадугледжаны "эканамічныя і іншыя абмежавальныя меры" тэрмінам на 10 гадоў. З беларускіх кампаній пад абмежаванні трапілі прадпрыемствы, звязаныя з ваенна-прамысловым комплексам:
- ААТ "Рагачоўскі завод "Дыяпраектар";
- ААТ "Зеніт-БелОМА";
- ААТ "Завод "Оптык";
- сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства "Цэйс-БелОМА" ў форме ТАА;
- ТАА "КБ беспілотныя Верталёты";
- РУП "Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў".
З фізічных асоб пад санкцыямі апынуліся беларускі навуковец Аляксей Шкадарэвіч 1947 года нараджэння. Гэта акадэмік НАН Беларусі, спецыялізуецца на лазернай фізіцы і прыборабудаванні. Таксама абмежаванні ўпалі на Аляксандра Мароза 1975 года нараджэння. Гэта гендырэктар ААТ "Мінскі механічны завод імя С.і. Вавілава — кіруючая кампанія холдынгу "БелОМА".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.