Украінец Шаройка, які знаходзіцца ў беларускай турме, скардзіцца на здароўе

Украінец Шаройка, які знаходзіцца ў беларускай турме, скардзіцца на здароўе

Украінскі журналіст Павел Шаройка, асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў зняволення за шпіянаж, скардзіцца на стан здароўя. У Шаройкі рэзка падвысіўся ўзровень глюкозы ў крыві, што можа сведчыць пра пачатак дыябету. Пра гэта піша ў Фэйсбуку кіраўнік валанцёрскай суполкі “Інфармацыйны супраціў” Дзмітрый Тымчук.

Паводле Тымчука, украінскаму журналісту трэба медыцынскае абследаванне і прызначэнне адпаведнай дыеты. Апроч таго, Шаройка скардзіцца, што ў яго на скуры з’явіўся чырвоны сып. Такія ж сімптомы ёсць практычна ва ўсіх вязняў СІЗА КДБ, аднак медработнікі ўстановы кажуць, што не варта звяртаць увагу на такія высыпанні.

Пры гэтым КДБ усяляк блакуе доступ да Шаройкі прадстаўнікоў украінскай амбасады ў Беларусі, а матэрыялы суда над ім застаюцца засакрэчанымі.

Украінскага журналіста Паўла Шаройку затрымалі 25 кастрычніка 2017 года ў Мінску і абвінавацілі ў стварэнні ў Беларусі шпіёнскай сеткі з удзелам грамадзянаў краіны, якія нібыта за грашовае ўзнагароджанне збіралі інфармацыю выведнага характару ў вайскова-палітычнай сферы.

23 траўня Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў Шаройку да 8 гадоў зняволення.

Ва Украіне мяркуюць, што яго затрыманне адбылося ў адказ на затрыманне ў Чарнігаве беларуса Юрыя Палітыкі, якога таксама абвінавацілі ў шпіянажы, паведамляе Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі