Украінка абвінавачвае легендарнага гімнаста Віталя Шчэрбу ў згвалтаванні
Двухразовая алімпійская чэмпіёнка па спартовай гімнастыцы з Украіны Таццяна Гуцу сцвярджае, што ў 1991 годзе стала ахвярай сексуальнага гвалту з боку легендарнага беларускага гімнаста Віталя Шчэрбы. Інцыдэнт паміж спартоўцамі нібыта адбыўся на спаборніцтвах у Штутгарце. Гуцу тады было ўсяго 15 гадоў, Шчэрбу — 19.
"Я адважылася на гэта пасля 27 гадоў... Віталь Шчэрба. Монстар, які столькі гадоў трымаў мяне ў маёй уласнай турме страху. Я ведаю, што вы будзеце спрабаваць абараніць сябе. Але мае дэталі значна мацней, чым вашы словы. Я цяпер моцная, як ніколі. І вам мяне больш не зламаць. Гэтая гісторыя маёй Папялушкі", — піша Гуцу.
Апошнімі днямі ў свеце набраў магутнасць сеціўны флэшмоб, у якім жанчыны распавядаюць гісторыі сэксуальнага гвалту, пра якія раней баяліся казаць. Так бы мовіць, пачынальніцамі гэтага страшнага флэшмобу сталі галівудскія акторкі, якія распавялі пра заляцанні з боку прадзюсара Харві Вайнштэйна. Яго ахвярамі назвалі сябе Анджаліна Джалі, Гвінэт Пелтроў, Разанна Аркет, зорка "Гульні тронаў" Лена Хідзі і іншыя.
Таццяна Гуцу папракае сваю сяброўку па зборнай СССР Таццяну Торапаву і сябра Шчэрбы Рустама Шарыпава, што тады, у 1991 годзе яны не заступіліся за яе: "Вы былі там, вы чулі ўсё, але вы не здолелі ўстаць, каб абараніць мяне — маленькую 15-гадовую дзяўчынку".
Гуцу, якая з 1993 года жыве ў ЗША, абяцае падтрымліваць усіх, хто вырашыцца распавесці пра перажыты сексуальны гвалт.