Украінскі чыноўнік займаўся кантрабандай беларускіх цыгарэтаў на самалёце?
Украінскія журналісты адкрылі новыя цікавыя факты пра самалёт, які ляцеў з Беларусі і разбіўся ў Валынскай вобласці.
Мясцовыя жыхары паведамілі, што самалёт лётае з мясцовага калгаснага аэрадрома ўжо 2 гады. Сельскі кіраўнік у сваю чаргу заявіў, што самалёт пачаў з’яўляцца на аэрадроме са жніўня гэтага года. Калі ж мужчына паспрабаваў даведацца ў міліцыі каму ён належыць, то пачуў адказ, што "гэта не яго справа".
Са словаў мясцовых жыхароў, кожны раз калі прылятаў самалёт у вёсцы з’яўляўся і таямнічы мерседэс. Пасажыры аўто ніколі не размаўлялі з вяскоўцамі, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Высветлілася таксама, што адзін з двух загінулых у самалёце пасажыраў з’яўляецца сынам высокапастаўленага мясцовага чыноўніка. Зараз ён працуе ў сферы, звязанай з надзвычайнымі сітуацыямі. У сваю чаргу супрацоўнікі МНС выкарыстоўваюць гэты самы калгасны аэрадром для сваіх патрэбаў. Пры гэтым раней чыноўнік працаваў на мытні.
Цікавае і тое, што ў вечар, калі разбіўся самалёт, у аварыю трапіў той самы таямнічы мерседэс. Эвакуатар забраў яго недалёка ад месца падзення самалёта. Як высветлілася, зарэгістраваны мерседэс на жанчыну, якая мае такое ж самае прозвішча як мясцовы чыноўнік і яго загінулы сын. Аднак міліцыя чамусьці не хоча звязваць разам два гэтыя здарэнні.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, самалёт АН-2 разбіўся раніцай 10 кастрычніка. Ён не дацягнуў кіламетр да аэрадрома калгаса ў Валынскай вобласці. Самалёт накіроўваўся з Беларусі без ліцэнзіі на палёт. Верагодна, ён перавозіў кантрабанду. Каля месца трагедыі быў заўважаны грузавік, у які грузілі мяхі з цыгарэтамі беларускай вытворчасці.
Фота — volynpost.com