Украінскім атлетам рэкамендуюць, як сябе паводзіць з беларусамі на Алімпіядзе
Украінскія спартсмены ў Парыжы павінны трымаць дыстанцыю (ілюстрацыйнае фота)
Нацыянальны алімпійскі камітэт і Міністэрства моладзі і спорту Украіны распрацавалі і апублікавалі рэкамендацыі для ўкраінскіх атлетаў пра тое, як сябе паводзіць з беларускімі і расійскімі спартсменамі на Алімпіядзе ў Парыжы. Беларусы і расіяне могуць трапіць на Алімпійскія гульні ў якасці "індывідуальных нейтральных спартсменаў". Аўтары рэкамендацый заявілі, што падрыхтавалі дакумент "з мэтай зберагчы ўкраінскіх атлетаў ад правакацыйных сітуацый і спрыяць бяспецы прадстаўнікоў афіцыйнай дэлегацыі Нацыянальнай зборнай каманды Украіны".
Украінскія спартсмены мусяць "трымацца на адлегласці ад іх падчас цырымоній ўзнагароджання наколькі гэта магчыма". Яны павінны "фіксаваць" і "сігналізаваць" пра "факты парушэння нейтральнага статусу" беларусамі і расіянамі, а таксама пра "любыя спробы правакцыйных дзеянняў". Украінцам не рэкамендуецца кантактаваць са спартсменамі з РБ і РФ і ў сацсетках.
Санкцыі супраць беларускага і расійскага спорту былі ўведзеныя ў 2022-м пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. У канцы 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў беларусаў і расіян да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы (акрамя камандных спаборніцтваў), але з пэўнымі ўмовамі. Украіна выступае за тое, каб беларусаў і расіян на Алімпіядзе не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.