Украінскую журналістку не пусцілі ў Беларусь
Украінскую журналістку Аксану Каваленка не пусцілі ў Беларусь, куды яна ехала па сваіх прыватных справах. Беларускія памежнікі ў ноч на 2 ліпеня знялі яе з цягніка ў пункце Церуха і патлумачылі, што яна ў спісе неўязных у Расію. Паколькі Беларусь і Расія ўтвараюць гэтак званую саюзную дзяржаву, яны абменьваюцца такімі спісамі, каб не дапусціць прыбыццё на сваю тэрыторыю персонаў нон-грата.
Каваленка адпусцілі са штампам у пашпарце аб забароне на ўезд і пасадзілі на бліжэйшы цягнік да Кіева. Гэтую гісторыю журналістка распавяла ў сябе ў Фэйсбуку.
Паводле інфармацыі партала TUT.by, амбасада Украіны ў Беларусі цяпер рыхтуе ноту пратэсту.
У Памежным камітэце патлумачылі, што кіраваліся законам аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства. У МЗС заявілі, што Каваленка не звярталася туды па акрэдытацыю і ехала ў Беларусь па сваіх прыватных справах.