Улады абяцаюць не саджаць за эканамічныя правапарушэнні

ЦІП на вуліцы Акрэсціна ў Мінску / TUT.BY​
ЦІП на вуліцы Акрэсціна ў Мінску / TUT.BY​

Беларускія ўлады зноў задумаліся аб прыцягненні інвестыцый. Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў заявіў, што трэба пераглядаць падставы, на якіх бізнес і прадпрымальнікі прыцягваюцца цяпер да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. 

"Меры па дадатковых гарантыях абароны правоў добрасумленнага бізнесу і інвестараў" будуць абмяркоўваць на Усебеларускім народным сходзе, расказаў ён.

"Прапануецца перагледзець падставы для прыцягнення эканамічных агентаў да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай сферы. За эканамічныя правіны — толькі эканамічнае пакаранне", — цытуе міністра агенцтва БЕЛТА.

Акрамя таго, для інвестараў у дамове могуць прапісаць пункт аб непавелічэнні падаткаў на тэрмін да пяці гадоў.

"Яшчэ адна ініцыятыва — увесці прававы рэжым спецыяльных інвестдамоваў", — расказаў Чарвякоў. Па гэтай дамове дзяржава будзе гарантавана выкупляць на новых вытворчасцях частку прадукцыі.

Аналіз прыцягнення замежных інвестыцый у Беларусь паказвае, што большасць сродкаў (больш чым 2/3 ад усяго аб'ёму) — гэта пазыковыя інструменты і рэінвеставанне атрыманага прыбытку. Доля ж непасрэдных замежных інвестыцый у капітал беларускіх прадпрыемстваў складае ўсяго 3,5%, падлічвала восенню мінулага года "Эканамічная газета".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі