Улады адключылі ў Салігорску ліхтары і думаюць, што ён падобны на Лас-Вегас

Паводле загадаў гарадскіх уладаў, вуліцы Магілёва, Брэста, Бабруйска і Салігорска апынуліся ў цемры. Мінск — на чарзе. У краіне пачынаюць эканоміць на гарадскім асвятленні. Вуліцы Салігорску не асвятляюцца з гадзіны ночы да пятай раніцы. Але і без гэтага святла ў горадзе дастаткова, лічыць начальнік аддзелу ідэалагічнай працы салігорскага выканкама Ларыса Жукава:

"Прынята распараджэнне аб эканоміі электрычнасці. Асвятленне адключаецца на цэнтральных вуліцах гораду з гадзіны ночы да пятай раніцы. А на ўсіх пад'ездах і дваровых тэрыторыях гараць лямпачкі. Вы прыязджайце ноччу, паглядзіце, як асвятляецца наш горад. Гараць усе гандлёвыя кропкі, забаўляльныя ўстановы - не горад, а Лас-Вегас".

А наш карэспандэнт Юрась Вітальеў не раіць выхадзіць без ліхтарыка на Магілёўскія вуліцы пасля паўночы:

"У горадзе пасля 12 гадзінаў ночы адключаецца асвятленне на вуліцах. Асвятляюцца толькі самыя галоўныя вуліцы і асноўныя будынкі: ратуша ды выканаўчы камітэт. Адключэнні адбываюцца паводле пастановы гарвыканкама".

А вось жыхары Бабруйска даўно ўжо перасталі хадзіць па адзіночцы пасля заходу сонца. Нагадаем, у канцы мінулага году на 20-гадовую бабруйчанку напала зграя сабак, пасля ў бальніцы дзяўчыне ампутавалі руку. Пра цяперашнюю сітуацыю ў горадзе распавядае наш карэспандэнт Алесь Васько:

"Жыхары цёмных раёнаў Фарштату, Дзеднава, Яловікаў, Фандока і многіх іншых рэгулярна скардзяцца на адсутнасць нармальнага асвятлення сваіх і без таго не надта бяспечных вуліц.

Галоўная вуліца горада — Мінская — не асвятляецца пасля 12:30 апоўначы. Многія бабруйчане ў небяспечных раёнах па-ранейшаму рухаюцца па вуліцах групамі. Гэта ратуе ад агрэсіўных сабак і больш адаптаваных да цемры іншых бабруйчан".

А брэсцкі выканаўчы камітэт пачаў эканоміць аж з пачатку восені мінулага года, паведамляе Юльян Навумік. На прадпрыемстве "Брэстгарсвятло" яму адказалі, што частку вулічнага асвятлення ў горадзе з 24-ай да 5-ай гадзіны адключаюць згодна з рашэннем гарвыканкама ад 30 верасня 2008 года.

У Гродне эканомяць на свой лад. Вось што распавядае нашая карэспандэнтка Аліна Кашкевіч:

"Збіраюцца ў пад'ездах усталёўваць выключальнікі-аўтаматы, якія рэагуюць на рухі. Прычым у Навагрудку і Ваўкавыску такую праграму ўжо амаль выканалі".

У арганізацыі "Мінгарсвятло", якая клапоціцца пра асвятленне сталіцы, Еўрарадыё паведамілі, што хутка начных адключэнняў дачакаюцца і ў Мінску.

Ці дасць такая эканомія якія-небудзь вынікі, пакуль невядома. Адно можна сказаць з упэўненасцю: жыхарам гарадоў яна наўрад ці спадабаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі