Улады ліквідавалі курсы беларускай мовы "Мова нанова"

Улады ліквідавалі курсы беларускай мовы "Мова нанова"

Мінскі райвыканкам ліквідаваў сацыяльна-культурную ўстанову развіцця беларускай мовы і культуры "Мова Нанова". Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку яе кіраўнік Глеб Лабадзенка.

"Мова нанова" арганізоўвала курсы беларускай мовы, займалася яе прапагандай.

Прычынай для ліквідацыі стала тое, што пракуратура знайшла на сайце курсаў "нестатутную дзейнасць у выглядзе відэа з незарэгістраванай сімволікай і лагатыпам канала Белсат". Як падкрэслівае Лабадзенка, пра гэта паведамілі постфактум, не даўшы магчымасці "выправіць парушэнні" і выказаць свае аргументы.

Лабадзенка заявіў, што лічыць непатрэбным у сённяшніх умовах аспрэчваць ліквідацыю.

"Што рабіць далей? Размаўляць па-беларуску, любіць Беларусь, вывучаць нашую вялікую мову, гісторыю і культуру. Пасля кожнай ночы наступае дзень, і пасля гэтай цёмнай ночы дзень наступіць абавязкова таксама", — напісаў ён.

Нагадаем, што нядаўна ператрус адбыўся ў кіраўніцы Таварыства беларускай мовы экс-дэпутаткі Алены Анісім, а таксама ў Нацыянальным універсітэце імя Ніла Гілевіча. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі