Улады Віцебска ліквідавалі Клуб аматараў амерыканскага футбола
"Віцебскія рысі" / фота з сацсетак
У Віцебску ліквідавалі Клуб амерыканскага футбола "Віцебскія рысі", пішуць праваабаронцы. Рашэнне аб ліквідацыі Клуба Віцебскі абласны суд прыняў яшчэ ў траўні. І з тых часоў грамадскае аб'яднанне знаходзіцца ў стане ліквідацыі.
Арганізацыя праіснавала амаль 6 гадоў. Заснавальнікам клуба быў прадпрымальнік Кірыл Шведаў. Амерыканскі футбол прывабіў яго відовішчнасцю: "Заўсёды цікава паглядзець, як людзі месяць адно аднаго ў межах правілаў", — расказваў ён у інтэрв'ю рэсурсу sports.ru.
"Праз сацсетку "Вконтакте" знайшоў у Віцебску аматарскую каманду па амерыканскім футболе. Прыйшоў да іх як звычайны гулец. Пачаў трэніравацца і дапамагаць матэрыяльна", — казаў тады Шведаў. Пазней ён сышоў з праекта, а "Віцебскія рысі" станавіліся чэмпіёнамі Усходняй лігі амерыканскага футбола.
Нагадаем, днямі беларускія ўлады агучылі вынікі зачысткі грамадзянскай супольнасці. За апошні час у Беларусі была "спыненая дзейнасць 373 дэструктыўных і іншых сумнеўных аб'яднанняў, 44 устаноў, а таксама так званых незалежных прафсаюзаў", даў справаздачу кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка. Масавая "зачыстка" структур НДА пачалася з ліпеня 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.