Уначы мінчукі скардзіліся, што іх труцяць газам
У "Мінгазе" кажуць, што праводзіліся рамотныя работы.
"Уся кватэра, усе рэчы... усё пахне газам да гэтага моманту. Пах газу ў роце. Баліць галава. Газам пахла не толькі дома. Газам пахла нават у скверы Талбухіна", — піша ў фэйсбуку мінчук Андрэй Давыдчык.
Жыхары дамоў у раёне бульвара Талбухіна таксама пішуць, што ўначы званілі са скаргамі на пах газу. У Мінгазе карэспандэнту Еўрарадыё пацвердзілі, што праводзяць працы па замене засаўкі на газапровадзе сярэдняга ціску.
Работы праводзяцца і цяпер. Іх абяцаюць скончыць да 11 гадзін. Але газаправод яшчэ будуць прадзьмуваць, таму не выключана, што зноў з'явіцца пах газу.
Мінгаз: "Адключаўся пэўны ўчастак газаправоду. Ён не маленькі, гэты ўчастак, а дыяметр 400 — даволі вялікі. І газ, які знаходзіўся ў трубе, трэба было спусціць. Адзіныая наш невялікі недагляд, што не папярэдзілі своечасова МНС і грамадзянскую абарону. Цяпер мы ўжо папярэдзілі МНС і грамадзянскую абарону. Усе ў курсе, і людзі нам тэлефануюць на пульт 104 і цікавяцца".
Уначы людзі сапраўды шмат тэлефанавалі. На месца здарэння выязджалі машыны і пераправяралі інфармацыю. Цяпер на месцы рамонту знаходзіцца ўсё кіраўніцтва Мінгазу, таму хвалявацца няма чаго, дадалі ў дыспетчарскай.
Фота — ISNA