“Унук пяць хвілін пакатаўся, і раптам дзяцей накрыла горка”

Вечар панядзелка ў Горках скончыўся надзвычайным здарэннем: надзіманы атракцыён, дзе каталіся 9 дзяцей, перакуліўся. У выніку дзеці атрымалі удары, драпіны, некаторым медыкі паставілі дыягназ “страсенне мазгоў”.

“Мы 5 хвілін як пайшлі, і раптам адна горка павалілася на другую”, — расказвае Валянціна Мікалаеўна, бабуля 4-гадовага Сашы. Яна прывяла ўнука на атракцыён адразу пасля садка. Хлопчык паспеў пакатацца толькі 5 хвілін, пасля горка перакулілася.

“Мы стаім, дзеці скачуць. Пяць хвілін прайшло, і раптам вецер падзьмуў, і вялікая горка пачала валіцца на меншую, і дзяцей накрыла. Наш хлопчык і суседка яшчэ дзень у бальніцы будуць. З імі усё нармальна, толькі спужаліся вельмі”, — апісвае здарэнне Валянціна Мікалаеўна.

Шасцёра дзяцей, якія пацярпелі на надзіманым атракцыёне, цяпер у Горацкай раённай бальніцы. Траіх выпішуць ужо 5 траўня. Тых, хто пацярпеў найбольш, перавялі ў Магілёў.

"Тыя, хто шпіталізаваны ў нас, адчуваюць сябе добра, сёння мы часткова адпускаем іх дадому. З імі папрацавалі псіхолагі", — апісваюць у раённай бальніцы Горак.

Атракцыён перакуліўся, бо не быў замацаваны?

У Следчым камітэце па Магілёўскай вобласці ўжо выказалі версію: батут не быў зафіксаваны, што парушала тэхніку бяспекі. Ад таго ён і перакуліўся.

"Прызначаная экспертыза. Мы мяркуем, што батут быў замацаваны неналежным чынам ці не быў замацаваны наогул", — апісваюць у Следчым камітэце.

Пры гэтым Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за неналежнае аказанне паслуг, прадпрымальнік-уладальнік атракцыёна затрыманы.

На бяспеку надзіманага атракцыёна ўплывае тэрмін эксплуатацыі, надвор’е і мацаванне. Алена Сапешка, дырэктар фірмы, якая займаецца атракцыёнамі ў Гродне, тлумачыць, што магло прывесці да здарэння.

Калі прадукцыя танная і няма тэхпашпарту або дакументацыя на кітайскай ці іншай замежнай мове, узнікаюць праблемы. Не напісана ці не зразумела, як усталёўваць атракцыён, як яго замацоўваць. Усталёўваць надзіманы атракцыён неабходна так, як напісана ў тэхпашпарце. Там прапісана, пры якім ветры яго можна ставіць, як трэба замацоўваць і за што. Трэба звяртаць увагу на тэрмін эксплуатацыі. Калі атракцыён за тры гады цалкам зношаны, яго ўжо нельга выкарыстоўваць.

Таму калі ведзяце дзяцей на надзіманы атракцыён, якіх цяпер багата па ўсіх беларускіх гарадах, папрасіце тэхпашпарт у тых, хто прапануе на ім пракаціцца. Раптам атракцыён ужо непрыдатны і можа траўмаваць дзіця.

У Горках затрымалі ІП, гаспадара батута, на якім пацярпелі дзеці

Следчыя мяркуюць, што батут у Горках, які перакуліўся, быў незамацаваны

Фота: 112.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі