“Упраўленне К”: Захаваць ананімнасць у Байнэце амаль немагчыма

У 2009 годзе беларусы ініцыявалі каля 100 запытаў у міліцэйскае “Ўпраўленне К”, якое займаецца злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогіяў. Як распавёў Еўрарадыё начальнік гэтага ўпраўлення Ігар Чарненка, сёлета паступае па 2-3 звароты штодня. Амаль на ўсе запыты з упраўлення прыходзіць станоўчы адказ.

Ігар Чарненка: “З тых 100 запытаў, якія прыйшлі да нас з тэрытарыяльных падраздзяленняў МУС у 2009 годзе, недзе па 98 выпадках асобы былі вызначаныя”.

Па словах Ігара Чарненкі, калі чалавек адчувае сябе ахвярай знявагі ці паклёпу ў інтэрнэце – ён мусіць звяртацца ў міліцыю па месцы жыхарства. Бо падобныя злачынствы не падлягаюць пад юрысдыкцыю “Ўпраўлення К”.

Ігар Чарненка: “Нашае ўпраўленне займаецца раскрыццём злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі. Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі, інфармацыйны сабатаж і г.д.

Усе астатнія артыкулы датычацца агульнай юрысдыкцыі праваахоўных органаў”.


Міліцыя накіруе адпаведны запыт ва “Ўпраўленне К”. Але тое, што вас у інтэрнэце абразілі, яшчэ давядзецца абгрунтаваць:

Ігар Чарненка: “Пад абразай (і, прынамсі, размяшчэннем абразлівай інфармацыі ў інтэрнэце) мы разумеем толькі непрыстойныя выказванні. Калі, напрыклад, напісана не “баран”, а “істота з шэрсцю і рагамі” – тут абразы не будзе.

А калі мацюкамі паслаць – можна разглядаць пытанне па артыкуле за знявагу. Па нашым заканадаўстве, за такое прадугледжана і адміністрацыйная, і крымінальная адказнасць”.


Тое ж датычыцца і паклёпу – распаўсюджання заведама недакладнай інфармацыі. Напрыклад, на “сайтах знаёмстваў”. За такія злачынствы ў Беларусі можна ці атрымаць штраф, ці трапіць за краты на тэрмін да трох гадоў. Днямі віцебскі хлопец, які зарэгістраваў на такім сайце анкету ад імя сваёй сяброўкі з прапановай сэкс-паслугаў, сеў на два гады. Праўда, з адтэрміноўкай.

Каля чатырох гадоў ад пераследу аналагічнага віртуальнага хулігана пакутуе спявачка Іна Афанасьева:

Іна Афанасьева: “Мне пачалі тэлефанаваць і пытацца, колькі каштуе пабавіць са мной час... Удвох, утрох і ўсё астатняе. Я цягам гэтых чатырох гадоў і тэлефоны змяняла, але тэлефанаванні працягваліся. Было зразумела, што гэта несхаваная варажнеча”.

Пасля таго, як анкета ад імя Іны Афанасьевай з’явілася на “сайце бясплатных знаёмстваў” Love.ru, цярпенню артысткі прыйшоў канец: яна напісала заяву ў міліцыю. І справа вырашылася, прычым досыць хутка:

Іна Афанасьева: “Чалавек, які арганізаваў інтэрнэт-старонку, знойдзены. Выявілася, што гэта мая непаўналетняя фанатка! Нібыта такім чынам яна вырашыла наладзіць кантакты з маімі прыхільнікамі”.

Праўда, па словах артысткі, высветлілася, што да абразлівых тэлефанаванняў дзяўчына дачынення не мае. Але гэта іншая справа.

Ігар Чарненка кажа, што пасля таго, як быў прыняты Ўказ прэзідэнта №60, інтэрнэт-хуліганам захаваць ананімнасць стала нашмат цяжэй. Начальніка “Ўпраўлення К” здзіўляе, чаму грамадства так варожа ставіцца да забеспячэння ўласнай інфармацыйнай бяспекі. Напрыклад да таго, што на ўваходзе ў камп’ютарныя клубы будуць патрабаваць пашпарты:

Ігар Чарненка: “Па сутнасці, гэта ж тэлекамунікацыйная сістэма. Паспрабуйце вы скласці дамову з любым беларускім аператарам сотавай сувязі, які, таксама прапануе паслугі па перадачы дадзеных, без пашпарта!"

Пазіцыя “Ўпраўлення К” такая: дзейнасць кожнага карыстальніка сеціва можа датычыцца і іншых карыстальнікаў, якім прапануе свае паслугі правайдэр. А ў параўнанні з бяспекай усіх карыстальнікаў Байнэта жаданнем асобных наведнікаў сеціва захаваць прыватнасць, што б там ні было, можна ахвяраваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі