Урад патлумачыў, хто будзе лічыцца дармаедам, а хто — не
Саўмін зацвердзіў пастанову №239 ад 31 сакавіка 2018 года, якая вызначае, хто будзе лічыцца працаздольным грамадзянінам, не занятым у эканоміцы, і як будзе фармавацца база такіх грамадзян. Пра гэта паведамляецца на сайце ўрада.
Паводле дакумента, "дармаедамі" лічацца працаздольныя грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства з дазволам на пастаяннае пражыванне, якія не вядуць працоўную, прадпрымальніцкую, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасць, віды якой пералічаны ў пастанове.
У гэты лік не трапяць грамадзяне, занятасць якіх па аб'ектыўных прычынах цяжкая або немагчымая. Таксама ў лік дармаедаў не трапяць інваліды; маці, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. Не будуць лічыцца дармаедамі пенсіянеры, афіцыйна зарэгiстраваныя беспрацоўныя. Людзі, якія страцілі працу, не будуць лічыцца дармаедамі на працягу трох месяцаў, а калі страцілі працу па важных прычынах — на працягу шасці месяцаў. Не трапяць у спіс дармаедаў таксама тыя, хто адбывае пакаранне ці знаходзіцца на прымусовым лячэнні, а таксама іншыя катэгорыі грамадзян, абазначаныя ў пастанове.
Базу звестак працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, будзе складаць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Аператарам базы даных будзе ДУ "Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь".
У базу даных уключаецца наступная абавязковая інфармацыя пра грамадзяніна: ідэнтыфікацыйны нумар; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) на рускай мове; дата нараджэння; пол; грамадзянства; даныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства (месцы знаходжання); від, серыя і нумар дакумента, які сведчыць асобу.