Урад паведаміў, за якія паслугі “дармаеды” будуць плаціць па поўных тарыфах
Савет міністраў Беларусі вызначыў паслугі, за якія “дармаеды” (“працаздольныя грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы”) будуць плаціць па поўных тарыфах. У пастанове ўраду № 314 ад 24 красавіка згадваюцца гарачае водазабеспячэнне (з 1 студзеня 2019-га), газазабеспячэнне (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў) і цеплазабеспячэнне (з 1 кастрычніка 2019 года).
Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 (абноўлены “дэкрэт аб дармаедах” № 3), які прадугледжвае меры па садзейнічанню занятасці насельніцтва, 25 студзеня 2018 года. У пачатку красавіка ўрад вызначыў, хто будзе трапляць пад яго дзеянне, а вось тое, якія паслугі гэтыя людзі будуць плаціць па поўным тарыфе, стала вядома толькі цяпер.
Яшчэ ў студзені Еўрарадыё падлічыла, колькі заплаціць у месяц за мінскую двухпакаёўку сям’я з трох чалавек, у якой адзін дармаед, а двое працуюць.