Ураган на Астравеччыне ламаў дрэвы і зрываў з дамоў дахі (фота)
11 жніўня па тэрыторыі Астравецкага раёна пранёсся ўраган, які ламаў дрэвы, пашкодзіў лініі электраперадач, зрываў дахі з дамоў і гаспадарчых пабудоў, піша "Астравецкая праўда".
Ад разгулу стыхіі найбольш пацярпеў пасёлак Гудагай і навакольныя вёскі. У аграгарадку Палушы адзін дом цалкам застаўся без даху. Без элкутрычнасці засталіся вёскі Едалані, Нідзяны, Байканы ды інш. Таксама без святла апынуліся фермы ў Ліпнішках, Лошы, Страчы, зернесушыльныя комплексы ў Вароне і Страчанцы.
Па словах начальніка Астравецкіх электрасетак Алега Калесніка, энергетыкі працавалі над аднаўленнем электрасетак усю суботу і нядзелю.
Дырэктар Астравецкага лясгасу Рыгор Доўгі кажа, што ад урагану пацярпела 30 гектараў лесу, пераважна каля пасёлка Гудагай, уздоўж дарогі паміж Варнянамі і Гервятамі.