"Усе на законных падставах": Караеў — пра сілавікоў, якія ўварваліся ў кватэры

Сілавікі ў дварах на вуліцы Арлоўскай / скрыншот відэа TUT.BY
Сілавікі ў дварах на вуліцы Арлоўскай / скрыншот відэа TUT.BY

Кіраўнік МУС заявіў, што людзі падчас Марша "Народны ультыматум" былі "зараджаныя на бойку" і кідалі камяні ў будынак Цэнтральнага РУУС і міліцэйскія машыны.

"Тады да іх ужылі спэцсродкі (усяго толькі светлашумавыя гранаты), каб адагнаць іх і захапіць іх, тых, хто гэта рабіў, яны ж злачынцы, 30 чалавек прыкладна", — сказаў Юрый Караеў у эфіры беларускага тэлебачання.

Па словах міністра, у кватэру яго супрацоўнікі зайшлі, пераследуючы гэтых людзей.

Караеў спаслаўся на закон "Аб органах унутраных спраў", згодна з якім міліцыя можа ўваходзіць у памяшканне, калі дакладна ведае, што там хаваецца злачынца.

"І другое, адкуль мы ведаем, яны ўвайшлі ў кватэры сваіх прыхільнікаў або проста ўварваліся да добрасумленных грамадзян, якія ні сном, ні духам. Мы гэта павінны спыняць", — сказаў кіраўнік МУС.

Па яго словах, з кватэр "канфіскавалі" тых, хто кідаў камяні, і яны ўжо "даюць паказанні". Караеў асобна падкрэсліў, што яго супрацоўнікі дзейнічалі "на законных падставах".

Пасля нядзельнага маршу ў телеграм-каналах і СМІ з'явілася відэа, знятае ў адной з кватэр на вуліцы Арлоўскай, дзе схаваліся ўдзельнікі акцыі. На кадрах бачна, як сілавік у цывільным адзенні і бронекамізэльцы патрабуе, каб усе мужчыны выйшлі. Жанчыны прасілі не чапаць аднаго з хлопцаў. "Я забяру яго з болем або без болю", — адрэагаваў на просьбы сілавік. Затым пераступіў праз жанчыну, крыкнуў хлопцу "Уставай!" і ўдарыў яго дубінкай.

У аўторак 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка расказаў, што асабіста аддаў загад разагнаць нядзельны Марш на Арлоўскай, "каб засцерагчы людзей".

"Пачалі ўскрываць кватэры, рынуліся туды, прыйшлося з кватэр выцягваць гэтых наркаманаў", — сказаў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі