Усе пытанні пра выбары, якія вы саромеліся задаць

Усе пытанні пра выбары, якія вы саромеліся задаць

Што гэта за выбары і каго мы абіраем?

На выбарах будуць абраныя 110 дэпутатаў у ніжнюю палату парламента. Народ непасрэдна можа абіраць дэпутатаў толькі ў ніжнюю палату (Палату прадстаўнікоў). Яна была створаная пасля рэферэндума 1996 года.

Сёлета быў зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты, але па стане на 10 верасня засталося 485 прэтэндэнтаў. Каб выбары адбыліся ў акрузе, трэба каб прыйшло галасаваць больш за палову выбаршчыкаў.

Як абіраюцца дэпутаты ніжняй палаты?

Палату абіраюць па мажарытарным прынцыпе. То бок, той кандыдат, які атрымаў большасць галасоў выбаршчыкаў па выбарчай акрузе, дзе ён балатуецца, становіцца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Выбараў на партыйных спісах няма.

Усе пытанні пра выбары, якія вы саромеліся задаць
Палата прадстаўнікоў. Фота: house.gov.by

Хто можа стаць дэпутатам?

Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць любы грамадзянін Беларусі старэйшы за 21 год. Дэпутат не можа быць членам дзвюх палат парламента, дэпутатам мясцовага савета дэпутатаў, прэзідэнтам або суддзёй.

Але ўсё ж якія палітычныя сілы прадстаўляюць цяперашнія кандыдаты?

У Палату прадстаўнікоў сёлета балатуюцца прадстаўнікікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), руху “За свабоду” — яны аб’ядналіся ў “Правацэнтрысцкую кааліцыю”. Таксама кандыдатамі пайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Грамада”), Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП), кампаніі “Гавары праўду”, Беларускай партыі “Зялёныя”, Камуністычнай партыі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС), Беларускай патрыятычнай партыі.

Колькі дэпутатаў ад апазіцыйных партый было ў Палаце прадстаўнікоў мінулага склікання?

Па выніках выбараў 2012 года, дэпутатамі ў ніжняй палаце парламента сталі 105 беспартыйных, тры камуністы, адзін прадстаўнік Беларускай аграрнай партыі, адзін прадстаўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Ніхто з прадстаўнікоў апазіцыі не быў абраны.

Усе пытанні пра выбары, якія вы саромеліся задаць
Фота: dubrovno.by

Што мусіць рабіць дэпутат Палаты прадстаўнікоў?

Яны разглядаюць праекты усіх законаў, у тым ліку зацвярджаюць бюджэт, падаткі. Акрамя гэтага Палата прадстаўнікоў можа ініцыяваць вотум недаверу ўраду, прымаць рашэнне аб імпічменце прэзідэнту.

Ці ёсць у бюлетэні графа супраць усіх?

Так. Калі большасць галасоў будзе аддадзеная супраць усіх, абраным будзе лічыцца кандыдат, заняўшы па колькасці галасоў другое месца. Калі на ўчастку адзін кандыдат і большасць прагаласавала супраць усіх — прызначаюцца перавыбары.

Ці магу я галасаваць замест сваіх бацькоў і сваякоў, бо ведаю за каго яны?

Не. Гэта забаронена законам.

Ці магу я не пайсці галасаваць увогуле?

Так. У Беларусі няма закона, па якім галасаванне з’яўляецца абавязковым.

Што будзе калі паставіць птушачку ў бюлетэні адразу за двух кандыдатаў ці не ставіць увогуле?

Бюлетэнь будзе лічыцца сапсаваным.

Калі выпадкова сапсаваў бюлетэнь або памыліўся, ці можна папрасіць новы?

Так. Cапсаваны бюлетэнь пагашаецца, пра што складаецца акт, які падпіcваецца старшынёй, намеснікам старшыні або сакратаром і двума членамі ўчастковай камісіі.

Усе пытанні пра выбары, якія вы саромеліся задаць
Фота: gp.by

Ці можна прагаласаваць на другім выбарчым участку ў іншым горадзе?

Так. Але для гэтага трэба сведчанне таго, што вы часова пасяліліся ў іншым горадзе ў дзень выбараў: пасведчанне аб камандзіроўцы, бронь гасцініцы або іншае.

З пашпартам і гэтым дакументам вы мусіце прыйсці на ўчастак. Супрацоўнікі камісіі паглядзяць дзе вы былі прапісаныя, патэлефануюць у тамтэйшую камісію і спытаюць ці не прагаласавалі вы дагэтуль. Калі дазволяць прагаласаваць, са спісаў на ўчастку па месцы прапіскі вас выкрэсляць. Там вы прагаласаваць яшчэ раз ужо не зможаце. Дарэчы, у такім выпадку, вам прыдзецца галасаваць за кандыдатаў, якія балатуюцца не ў вашым горадзе.

Што рабіць, калі заўважылі, магчымае парушэнне?

Паспрабаваць зафіксаваць факт парушэння на фота. Хоць гэта не забаронена законам, але выбарчая камісія можа не дазволіць зрабіць гэта. Далей трэба звярнуцца да назіральнікаў, якія знаходзяцца на ўчастку. Калі яны не зацікаўленыя разбірацца, самому звярнуцца ў камісію (мясцовую, абласную, цэнтральную) або пракуратуру. Рабіць гэта лепш пісьмова. Для эфектыўнасці можна паведаміць пра парушэнне ў арганізацыі, якія займаюцца назіраннямі на выбарах (Беларускі Хельсінскі Камітэт, Права выбару і інш.).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі