Уступная кампанія: Матэматыку можна будзе здаць на 10 са 100 і паступіць

Міністэрства адукацыі прапануе змяніць парогавыя балы на цэнтралізаваным тэставанні, якія дазваляюць паступіць у ВНУ. Уводзіцца паняцце "профільныя і няпрофільныя" прадметы. Балы па профільных прадметах, якія трэба набраць, каб паступіць, як летась. А па няпрофільных прадметах — менш на 5 балаў.


Напрыклад, каб паступіць на матэматычны факультэт, трэба будзе здаць матэматыку на 15 балаў, гісторыю на гістфаку — на 20 балаў.


Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія пазначаныя другой профільнай дысцыплінай, то трэба іх здаць на 10 балаў, гісторыю Беларусі — на 15. Рускую і беларускую мову, як і летась, трэба здаць на 10 балаў.


Ці чакаюць універсітэты наплыву

У БДУ з-за зніжэння балаў, якія трэба набраць, каб паступіць, наплыву не прагназуюць. Хіба толькі для платнікаў. Не дзіва, бо недабору летась тут не было, таму двоечнікаў, тых, хто ледзь-ледзь набраў станоўчыя вынікі на тэставанні, на бюджэце не чакаюць.


"Нешта зарана прагназаваць. Трэба бачыць, як здадуць тэставанне. А гэта зніжэнне балаў можа паўплываць толькі на платнікаў", — прагназуюць у БДУ.


Не зважаюць на зніжэнне балаў пакуль ні ў Магілёўскім універсітэце імя Куляшова, ні ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна.


"Мы ж нават не бачылі вынікаў рэпетыцыйнага тэставання, цяжка нешта казаць. Але профільныя прадметы заўжды лепш здаюць", — тлумачаць у Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна.


Хібы уступнай кампаніі

Парогавыя балы, якія уводзяць на тэставанні мяняюцца ледзь не штогод. Ад 7 па ўсіх прадметах да 20 са 100 па некаторых.


"Гэта не цікава нікому. Добрая ў іх праца, абмяркоўваць гэтыя балы. Нармальным абітурыентам гэта не трэба, — ацэньвае стваральнік цэнтра "100 балаў", рэпетытар Яўген Лівянт. — Гэтыя балы, гэта прызнанне крызісу ў адукацыі, калі чыноўнікі цэлы год адны балы абмяркоўваюць".


Пры гэтым раскладу тэстаў няма па сёння. Ёсць толькі прыкладныя тэрміны: з 14 па 27 чэрвеня. У адзін дзень — 27 чэрвеня абітурыенты будуць здаваць 2 прадметы — сусветную гісторыю найноўшага часу і геаграфію.


"Поўная непавага, што па сёння няма графіка тэставання. Які год гэта адбываецца! Ужо ж канец красавіка, — абураецца Яўген Лівянт. — Гэта непавага да народа. Людзі прывыклі планаваць сваё лета".


Сёлета на бюджэтныя месцы універсітэты возьмуць 27,9 тысяч абітурыентаў. Гэта на тысячу менш у параўнанні з планамі папярэдняга года.

Фота: nikvesti.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі