Усё зрабілі ў Кітаі, нават расійскі пост-рок

Еўрарадыё наведала лірычна-меланхалічны канцэрт у “Рэактары”, дзе высветліла, за што трэба любіць расійскі пост-рок.
— Прывітанне, мы гурт Everything is made in China, і мы размаўляем па-руску.

— Мы гурт “Усё зроблена ў Кітаі”, і я зараз сказаў не на англійскай.

— І мы граем музыку. Інтэрнацыянальную, міжнародную, якая не мае межаў.

Музыка, як Radiohead узора “Амнэзіака”, шыкоўная візуалізацыя, ніякіх танцаў, а толькі задумлівае слуханне меланхалічных распеваў на англійскай мове. Гэта канцэрт гутра Everything is made in China, які прайшоў у мінскім “Рэактары” 20 студзеня.


Гэты спецыфічны маскоўскі гурт выступае ў нас ужо другі раз. Арт-дырэктара Максіма Старцава не напалохаў мінулы няўдалы канцэрт, які адбыўся акурат перад фэстам Бітугезэ. Ён верыў, што халоднай зімой, калі бракуе фестываляў і цеплыні, “Чайна” – тое, што патрэбна беларусам.


“У гурта Everything is made in China ёсць тое, чаго няма нідзе ў былым СНД – неверагодна атмасферная, казачная, добрая музыка, якая абуджае пачуцці", – сказаў Еўрарадыё Максім



Максім Старцаў: Любы аматар музыкі, дзе ёсць хаця б адна гітара, мусіць ацаніць гэты гурт. Іх музыка багатая супергукам, неверагоднымі прымочкамі, музыка, якая нас здзіўляе.




Яшчэ Максім дадаў, што канцэрты “Чайны” ён будзе арганізоўваць і далей, так што магчымасць пазнаёміцца з жывым гучаннем расійскага пост-року ў вас яшчэ будзе.

А пакуль давайце звернемся да самога гурта і зразумеем, пра што яны спяваюць і чаму па-англійску?

Распавядае віджэй гурта Ілля Калеснікаў: “Пра што спяюваюць? Пра сініх птушак, пра самалёты, пра любоў, пра адзіноту. Паэзія Максіма, які піша ўсе тэксты, – гэта імпрэсіянізм”.



Аўтар тэкстаў Максім Фёдараў прызнаўся ў інтэрв'ю Еўрарадыё, што пісаць на рускай мове ў яго пакуль проста не атрымліваецца:

“Насамрэч, мы з ёй змагаемся, з рускай мовай. Яна занадта сэнсавая! Так, у яе ёсць патрэбная распеўнасць, але мы пакуль не знайшлі ключ, каб спалучыць яе з нашай музыкай”.





А цяпер звернемся да цаніцеляў – публікі, якая ўважліва ківала галовамі ў такт на працягу ўсяго канцэрту. Спачатку мы падышлі да тых, хто сядзеў і не падымаўся увесь канцэрт. “Чаму не танцуеце?” — запытала Еўрарадыё.

— Я музыку прыйшоў паслухаць, мне падабаецца МУЗЫКА, я больш люблю СЛУХАЦЬ!


Другі слухач запэўніў, што такую музыку цікава слухаць нават без допінгаў.

— Крута, што не трэба не піць, не паліць, дастаткова паслухаць музыку – і можна ўляцець у Космас.



Трэці слухач, Віталь, звярнуў увагу на выяву.

Віталь: “Не самы вясёлы гурт, але прыкольны. Добра, што ў іх ёсць відэаінсталяцыі, інакш было б нудна”.



Відэаінсталяцыі насамрэч былі, і вельмі ўдалыя, любоўна падабраныя да кожнай песні. Віджэй Ілля Калеснікаў, як аказалася, ніколі раней не займаўся відэаартам. А трапіў у гурт – і захапіла.

Ілля Калеснікаў: “На першым канцэрце ў нас увогуле гарэла адна толькі выява. А з гадамі ўсё гэта вырасла вось у такі відэаарт”.


Напрыканцы адзначым пачатак — малады гурт з Мінску Weelure, які быў на разагрэве. Два хлопцы, пакуль яшчэ сціплыя, бо далі другі канцэрт у сваім жыцці. Называюць сваю музыку хайтэкавай гукавай забавай. Пашукайце ў клубах гораду, раім.



Фота: Цімафей Скібенка (Gluctim)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі