Ужо ў кастрычніку мінская двушка будзе каштаваць больш за 50 рублёў у месяц
Плата за камунальныя паслугі павысіцца на 8% ужо ў верасні. Гэта пасля індэксацыі тарыфаў, якія субсідуюцца дзяржавай. Пакуль індэксацыя прайшла ў Мінску, а таксама ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю кажуць, што гэта ўжо другая індэксацыя за год:
“Кожны тарыф пасля папярэдняй індэксацыі 1 сакавіка цяпер вырас яшчэ на 8%”.
У гэтыя 8% ўваходзіць і ранейшы рост тарыфаў на газ і цеплазабеспячэнне. Пасля студзенскага падаражання уласнікі жылля пакрывалі 64,8% платы за жыллёва-камунальныя паслугі.
Цяпер тэхнічнае абслугоўванне жылога дома будзе каштаваць 0,1084 рубля за адзін квадратны метр агульнай плошчы жылля (раней — 0,1004). Тарыф на водазабеспячэнне 0,5748 рубля за кубічны метр (раней — 0,5322), на каналізацыю — 0,3838 рубля (раней — 0,3554). Тэхнічнае абслугоўванне ліфта для аднаго жыхара будзе каштаваць 1,28 рубля (раней — 1,19 рубля).
Яшчэ раней даражала ацяпленне(16,9 рублёў за гігакалорыю).
Глядзім у жыроўку, на колькі падаражэла камуналка з пачатку года на прыкладзе двухпакаёвай мінскай кватэры.
У снежні мінулага года гаспадары плацілі:
За тэхзабеспячэнне — 2,98 рубля
За капітальны рамонт — 4,86 рублі
За цеплазабеспячэнне — 9,07 рублёў
За асблугоўванне ліфта — 0,69 рублёў
За вываз адкідаў — 1,14 рублі
А вось так выглядае плата па тарыфах праз тры падаражаннях, якія прайшлі сёлета
Тэхзабеспячэнне — 3,2 рублі
Капітальны рамонт — 5,2 рублі
Халодная вада — 2,4 рублі
Каналізацыя — 1,6 рублі
Ацяпленне — 11,4 рублі
Ліфт — 1,28 рублі
І з улікам падаражання ацяплення і індэксацыі, атрымліваем больш за 50 рублёў у кастрычніцкай “жыроўцы” для мінскай двушкі з адным прапісаным чалавекам.
Але гэта не ўсё. Яшчэ адно падаражанне камунальных паслуг плануецца ў снежні. Пасля ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю пралічыць, які адсотак кошту камунальных паслуг аплачваюць жыхары.