У Лос-Анджэлесе назвалі пераможцаў кінапрэміі "Оскар"
Уручэнне "Оскара" за фільм "Паразіты" / Reuters
У Лос-Анджэлесе ў ноч на 10 лютага ўручылі галоўныя кінапрэміі 2020 года. "Оскар" за лепшы фільм года атрымала паўднёвакарэйская карціна "Паразіты".
Крыху раней Пон Чжун Хо за фільм "Паразіты" атрымаў ад Кіану Рыўза (якога чакаюць у Беларусі на іншым кінафестывалі) прыз за лепшы арыгінальны сцэнар, пазней — "Оскар" за лепшы фільм на замежнай мове, і, бліжэй да фіналу цырымоніі, яшчэ і прыз за лепшую рэжысуру!
У камедыйна-драматычным фільме расказваецца пра сям'ю Кітхэкаў, якія, быццам паразіты, прысмакталіся да багацейшай сям'і Пакаў.
"Оскар" за лепшую мужчынскую ролю атрымаў Хаакін Фенікс ("Джокер"), выканаўцай лепшай жаночай ролі стала Рэнэ Зельвегер ("Джудзі").
Прыз за лепшую мужчынскую ролю другога плана атрымаў Брэд Піт ("Аднойчы ў ... Галівудзе"), за лепшую жаночую ролю другога плана — Лора Дэрн ("Шлюбная гісторыя").
Лепшым анімацыйным фільмам стала "Гісторыя цацак 4".
Лепшы адаптаваны сцэнар — "Трусік Джоджо" (нагадаем, што ён не зацікавіў нашых пракатчыкаў, і яго нельга было паглядзець у кінатэатрах).
"Оскар" за лепшую музыку дастаўся Хільдур Гуднадоцір ("Джокер"). Раней яна сачыніла музыку да серыяла "Чарнобыль". Элтан Джон атрымаў прэмію за лепшую песню ("Рокетмэн"). Прыз за лепшую аператарскую працу атрымаў Роджэр Дзікінс ("1917").
Кінапрэмію "Оскар" уручылі ўжо ў 92-ы раз. Цырымонія праходзіла ў тэатры "Долбі" у Галівудзе. Самая папулярная кінапрэмія ўручаецца за заслугі ў галіне кінематографа за 2019 год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.