Ва Украіне забароняць Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату
УПЦ МП будзе мець 9 месяцаў на тое, каб разарваць сувязі з РПЦ
Ва Украіне забароняць Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату. Такі закон 20 жніўня прыняла Вярхоўная Рада. "За" прагаласавалі 265 дэпутатаў, "супраць" — 29, яшчэ 4 дэпутаты ўстрымаліся. Гэтае галасаванне называюць гістарычным, піша hromadske.ua.
Прыняты законапраект прадугледжвае забарону дзейнасці ва Украіне рэлігійных арганізацый, звязаных з Расіяй. Такім чынам можа быць спыненая дзейнасць УПЦ МП.
Яшчэ напрыканцы 2022-га ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ўвёў у дзеянне рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны пра забарону дзейнасці рэлігійных арганізацый, афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расіі. Наступным крокам мусіла быць прыняцце адпаведнага закона. Ён пачынае дзейнічаць праз 30 дзён з дня яго апублікавання. Акрамя аднаго пункта, згодна з якім абшчыны УПЦ МП будуць мець 9 месяцаў на тое, каб разарваць сувязі з РПЦ.
Як вядома, ва Украіне дзейнічае і Праваслаўная царква Украіны, якая ў пачатку 2019-га атрымала ад Канстанцінопальскага патрыярхату статус аўтакефальнай царквы. Яе падтрымліваюць улады Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.