Ва Украіне затрымалі анархіста, якога Беларусь аб'явіла ў міжнародны вышук
Ва Украіне ў Кіеўскай вобласці затрымалі анархіста, якога Беларусь аб'явіла ў міжнародны вышук. Грамадзяніна нашай краіны Артура Кандратовіча падазраюць ва ўдзеле ў падпале два гады таму ў Івацэвічах рэкламнага шчыта з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам "Сіла закону ў яго выкананні". Як інфармуе Радыё Свабода, яго змясцілі ў следчы ізалятар ва ўкраінскай сталіцы. Кандратовіч там будзе знаходзіцца, як мінімум, да 5 траўня. Вядома, што са жніўня 2018-га ў беларуса быў від на часовае жыхарства ва Украіне.
Украінскія праваахоўнікі ўжо праінфармавалі беларускіх калегаў пра затрыманне і чакаюць запыт на экстрадыцыю. У Беларусі Кандратовічу пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў ("незаконныя дзеянні з прадметамі, заснаванымі на гаручых рэчывах", "хуліганства з выкарыстаннем зброі", "наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці").
Па івацэвіцкай справе ў лютым 2018 года былі асуджаныя двое анархістаў. Кожны атрымаў па тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. У матэрыялах справы адзначаецца, што яны разам з Артурам Кандратовічам падпалілі рэкламны шчыт з выкарыстаннем "шкляных колбаў ад лямпачак, напоўненых неўстаноўленым гаручым рэчывам з дадаваннем мінэральнай алівы з газай і дызэльным палівам".