Ва ўкраінскім войску ўжо служаць 775 асуджаных

Перад новымі рэкрутамі УСУ прамаўляюць франтавікі

Перад новымі рэкрутамі УСУ прамаўляюць франтавікі / t.me/nabludatels

Ва ўкраінскім войску ўжо служаць 775 асуджаных, паведамляе "Бі-Бі-Сі". На ўмоўна-датэрміновае вызваленне для праходжання ваеннай службы падалі заявы 2,4 тысячы чалавек. Больш за 1,8 тысячы з іх ужо задаволеныя. Іх чакае падрыхтоўка, а пасля служба ў штурмавых падраздзяленнях у самых гарачых кропках фронту.

Першыя асуджаныя, якія далучыліся да УСУ, ужо паспелі вызначыцца тым, што ўзялі ў палон расійскага вайскоўца. Пра гэта ў інтэрв'ю hromadske распавяла намесніца міністра юстыцыі Алена Высоцкая. Паводле яе даных, жаданне служыць у войску выказалі больш за 4 тысячы зняволеных. Іх заявы разглядаюць суды, а перад гэтым праходзяць праверка, вайскова-медыцынская камісія, знаёмства з камандзірамі падраздзяленняў. Ужо цяпер украінскія чыноўнікі кажуць пра эфектыўнасць гэтай ініцыятывы.

Прыцягненне зняволеных да службы ў войску па кантракце і ўдзелу ў баявых дзеяннях на фронце стала магчымым пасля прыняцця закона аб мабілізацыі. Міністр юстыцыі Украіны Дзяніс Малюська ў траўні 2024-га казаў, што па гэтым законе атрымаецца мабілізаваць да 20 тысяч асуджаных.

У адрозненне ад расійскай практыкі, якая з'явілася яшчэ ў 2022 годзе, украінскі закон не дазваляе вызваляць асуджаных за цяжкія гвалтоўныя злачынствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі