Ва ўрадзе патлумачылі, чаму бюджэт на сельскую гаспадарку ўзгадняюць з БРСМ
БРСМ — рознапланавая арганізацыя, якая ў тым ліку вырашае і некаторыя пытанні аграрна-прамысловага комплексу. Так прэс-сакратар прэм'ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч патлумачыў у каментары Радыё "Свабода" дакумент, які абнародавала сёння дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.
Прадстаўніца апазіцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі апублікавала пастанову Міністэрства сельскай гаспадаркі. Сярод іншых чыноўнікаў яе ўзгадніў першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Белякоў.
Дарэчы, БРСМ паводле статуту — грамадскае аб’яднанне, хаця і фінансуецца яно з дзяржаўнага бюджэту.
Уладзіслаў Сычэвіч на гэта паведаміў: "Перш чым фармуецца канцэпцыя рэспубліканскага бюджэту, вывучаюцца ўсе прапановы зацікаўленых дзяржаўных органаў, структураў. І з БРСМ, атрымліваецца, таксама. Наколькі я разумею, БРСМ — рознапланавая арганізацыя (не тое, што гэта іх профіль), але ў тым ліку яна вырашае некаторыя пытанні аграрна-прамысловага комплексу. БРСМ праводзіць сваю палітыку, накіраваную на развіццё АПК. Так што і іх меркаванне ўлічваецца, таму і ідзе ўзгадненне і з БРСМ таксама".