Вакалістка Clover Club спявае ў легендарным Brazzaville (відэа)

"Brazzaville — адзін са знакавых для мяне гуртоў, — распавядаве Еўрарадыё Вольга. — Таму я не магла не прарвацца да іх у грымёрку па аўтограф... І была вельмі здзіўленая, калі праз пару тыдняў бубнач Brazzaville знайшоў мяне на Facebook. Пасля мы доўга ліставаліся, і ў пэўны момант ён проста сказаў: "Чаму б табе не паспяваць з намі ў Турцыі?"


Адзіным чалавекам, хто выказаўся супраць гэтай ідэі, была... Матуля вакалісткі Clover Club! Але нават у яе ўсё ж не атрымалася спыніць творчы парыў. Па словах Вольгі, Brazzaville — гэта гурт-канструктар: для кожнай краіны Дэвід Артур Браўн падбірае асобны склад музыкаў. Напрыклад, у Турцыі да Вольгі далучылася мясцовая бэк-вакалістка, якая ўжо выступала з Brazzaville раней.

У Clover Club Вольга Цяшкевіч прызвычаілася быць на першых ролях.

"У Турцыі нас прымалі вельмі цёпла. Дэвід кожны раз распавядаў гледачам, што я з Беларусі. Што праўда, жартам дадаваў, што гэта недзе недалёка ад Каліфорніі. Пэўнага сэт-ліста ў Brazzaville ніколі не было, але амаль усе песні, якія ўваходзяць у прыкладны спіс таго, што гурт можа зайграць, я ведала ўжо даўно. Ёсць у гэтым спісе і некалькі песень з рускім тэкстам. Пасля іх туркі падыходзілі да мяне за аўтографамі!

Пра тое, каб "замацавацца" ў складзе гурта, я не думаю. У нас з бубначом ёсць ідэя сумеснага праекта. Не выключаю, што гэта будзе нешта электроннае. Але напэўна сказаць пакуль нельга. А наступны канцэрт, на якім хочуць мяне ўбачыць Brazzaville, адбудзецца ў сакавіку ў Кіеве", — дадае Вольга.

Па словах Вольгі, Clover Club застаюцца яе асноўным праектам. Калі канцэрты Clover Club і Brazzaville раптам супадуць у часе, яна застанецца з мінскімі музыкамі.

8-10 лютага Brazzaville зайграў канцэрты ў Стамбуле, Эскішэхіры і Анкары. Відэа знятае адным з гледачоў 10 лютага падчас канцэрта ў клубе Eskiyeni, што месціцца ў сталіцы Турцыі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі