Ванэса-Мэй: Скрыпка важнейшая за футбол! (гук)

Ванэса-Мэй падзякавала беларусам за тое, што не прамянялі яе канцэрт на чэмпіянат свету па футболе. А пасля канцэрту сама паглядзела матч "Бразілія — Кот д'Івуар" разам з ахоўнікамі на службовым уваходзе ў Палац спорту. 20 траўня ў Мінск прыехала чароўная скрыпачка Ванэса-Мэй. Зорка не выступала ў Беларусі 8 гадоў. Не тое, каб без яе тут вельмі сумавалі. Але пасля таго, як у інтэрв'ю Еўрарадыё яна выказала жаданне сыграць дуэтам з прэзідэнтам Беларусі (яна — на скрыпцы, ён — на баяне), цікавасць да гэтага канцэрту ў нашых людзях прачнулася.



Першае, што Ванэса зрабіла, калі вылезла з машыны ля гатэля Crown Plaza, — пабегла выгульваць свайго сабаку Макса. Хоць і з сабакам, але зусім без аховы, скрыпачка павольна прайшлася па вуліцы Валадарскага, але... ніхто з мінакоў яе не пазнаў!

"Мы прыехалі ў Мінск даволі позна 19 траўня, і таму я амаль не паспела паглядзець Мінск, — скажа Ванэса-Мэй на прэс-канферэнцыі пасля канцэрту. — Але, дзякуючы таму, што майму сабачку рэгулярна хочацца пісаць, я пазнаёміліся з вашымі паркамі і скверыкамі".





Праз суткі ў гэты ж час на ўваходзе ў Палац спорту ўжо стаяла чарга з ахвочых трапіць на шоў Ванэсы-Мэй. Амаль усе месцы ў 5-тысячнай зале былі занятыя. Хто б спадзяваўся, што ў Мінску столькі аматараў скрыпічнай музыкі?





Пакуль Макс сядзеў у грымёрцы і лётаў па закуліссі Палаца спорту (супакоіць сабачку, які адчуў волю, здолеў толькі бойфрэнд скрыпачкі Лайнэл), Ванэса выйшла на сцэну. З паўгадзінным спазненнем.



Але чаканне было вартае таго. Скрыпачка валодае выбітнай тэхнікай. Там, дзе ў іншых прымаў гукавая каша, у Ванэсы кожная нотка гучыць так, як мае быць! Наўрад ці такое выкананне мы калі-небудзь пачуем у мінскай філармоніі...



...хіба што калі там адбудзецца наступны канцэрт Ванэсы-Мэй. "Калі я наступным разам прыеду ў Беларусь? Мінулы раз была ў вас у 2002 годзе, так што... Праз 8 гадоў і праз пару альбомаў, не раней", — жартуе скрыпачка.





Скрыпачы па ўсім свеце Ванэсу-Мэй крыху недалюбліваюць. Кажуць, што ў яе тэхніцы няма нічога незвычайнага. Што і Вівальдзі, і Баха граюць і іншыя майстры смычка. А прадае яна, галоўным чынам, шоў. Сваю манеру выканання.







Наконт таго, хто ўмее граць на скрыпцы, а хто не, можна дыскутаваць бясконца. Але ў адным яны маюць рацыю бясспрэчна. Выкананне класічнай музыкі — тое, ад чаго па ўсім свеце засмучаюцца тысячы вучняў музычных школаў, — Ванэса-Мэй ператварае ў свята.







Нягледзячы на высачэзныя шпількі, мініяцюрная скрыпачка бегае па авансцэне і прымае кветкі з рук гледачоў. Канцэрт завяршаецца знакавай кампазіцыяй для Ванэсы "Таката і фуга рэ-мінор" Баха, запіс якой 16 гадоў таму зрабіў яе вядомай на ўвесь свет.













Вядома, што Ванэса-Мэй захапляецца экстрымальнымі відамі спорту. Тыдзень таму яна была ў Ле-Мане на 24-гадзінным аўтамарафоне. У якасці гледача, вядома! А летась скрыпачка зламала руку, катаючыся на лыжах... Таму тое, што зорка "ў тэме" чэмпіяната свету па футболе, нікога асабліва не здзівіла. А Ванэса, як высветлілася, вельмі непакоілася, што замест яе шоў слухачы абяруць тэлетрансляцыі з ПАР.

"Вялікі дзякуй вам, што прыйшлі, — сказала Ванэса-Мэй. — Я ведаю, што зараз ідзе чэмпіянат свету па футболе. І таму разумею, як складана было адарвацца ад тэлевізараў і прыйсці на канцэрт класічнай музыкі... Мабыць, гэта вас жонкі сюды прыцягнулі! Таму яшчэ раз шчыры дзякуй!"













Пасля канцэрту сабачку Максу давялося чакаць гаспадыню яшчэ паўтары гадзіны. Спачатку быў брыфінг для журналістаў, пасля дзве працяглыя аўтограф-сесіі. Нарэшце, Ванэса бярэ свайго гадаванца на рукі і ідзе на службовы ўваход, дзе яе дагэтуль чакаюць фанаты... Там праходзіць апошняя на гэты дзень аўтограф-сесія.





Дарэчы, з тым, які квіток на самалёт набываць сабаку, узніклі вялікія пытанні. У выніку, Макс паляціць з Беларусі як частка ручной паклажы Ванэсы-Мэй! За кожны кілаграм, які важыць сабака (а гэта ні многа, ні мала, а 4,5 кг!), давядзецца заплаціць па тарыфе на залішнюю вагу.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі