Васіль Быкаў: гавораць Барадулін, Пазьняк, Чаргінец, Шушкевіч

22 чэрвеня – падвойна жалобны дзень. У 1941-м на Беларусь напала фашысцкая Нямеччына, а ў 2003-м памёр Васіль Быкаў. У гадавіну ягонага сыходу на “Еўрарадыё” гавораць людзі, якія былі з ім блізка. Магчыма, адзінае, што іх яднае – якраз Быкаў.
Станіслаў Шушкевіч:
Гэты чалавек расказаў мне шмат аб жыцці сваімі творамі і фактычна паказаў, якімі павінны быць прыстойныя людзі. Таму да яго не найлепшым чынам ставяцца тыя, хто пры ўладзе. Я нядаўна перачытаў “Сьцюжу” і зразумеў многія рэчы. Мне ясна стала, кім былі мае бацькі, чаму былі такімі прасавецкімі, і чаму ім было так цяжка ў жыцці. Быкаў – вялікі пісьменік, праходзіць час, і гэта бачна лепей. Ведаеце, ён паводзіў сябе не як вялікі пісьменнік, і не як чалавек, які катэгарычна адрозніваецца ад нас. Ён паводзіў сябе як просты, сціплы чалавек. І ведаеце, мне дагэтуль няёмка, што я не адчуў яго веліч, калі ён быў побач.


Рыгор Барадулін:
Быкаў для мяне ўсё: і сябра, і настаўнік. Ён мне родны, як крывіч, бо мы з адных мясцінаў. Ён мне дарагі таксама тым, што не ішоў на повадзе ў тых, хто ім хацеў кіраваць. Ён прайшоў агні, ваду, медныя трубы, выпрабаванне славай і не пахіснуўся. А самае любімае месца ў творчасьці Быкава? Мяне кранае заключная сцэна “Сьцяны”.


Зянон Пазьняк:
Гэта быў вельмі сумненны чалавек. Для мяне Быкаў у апошнія часы быў апорай. І нават калі ён быў далёка, усё адно я адчуваў яго прысутнасць. Я ведаў, што Быкаў ёсць. Гэта такі чалавек, на якога можна было абаперціся, як на рыцарскае кап’ё. Геніяльны пісьменнік і геніяльны чалавек. Ён не любіў славы, і не любіў вядомасці. У яго не было эгацэнтрызму, гэта быў чалавек самадастатковы. Некалі мяне ўразіў “Круглянскі мост”. А ў апошні час – “Доўгая дарога дадому”.


Чаргінец:
Калі я тры гады знаходзіўся ў Афганістане, больш за ўсё лістоў я атрымліваў ад Быкава. Лісты былі цёплыя. Частку з іх я аддаў у Музей літаратуры, частку, самых блізкіх або крытычных да некаторых пісьменнікаў, захоўваю ў сябе. Ён быў проста добры чалавек, хаця тыя, хто не ведаў яго блізка, мог пачуць ад зайздроснікаў, што гэта пануры чалавек. Ён праяўляў клопат пра людзей, як толькі мог. І да мяне звяртаўся, каб дапамагчы камусьці. Якая глыбіня філасофіі і праўды ў яго творах. У яго сапраўды акопная праўда, пад назваю “ісціна”. Яго кнігі пражывуць яшчэ стагоддзі, і заўжды людзі будуць разважаць пра тое, што напісаў Васіль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі