Вайтовіч: Моладзі мала, навука трымаецца на пенсіянерах
Аляксандр Лукашэнка даручыў скараціць на 25-30% бюджэт Нацыянальнай акадэміі навук на 2012 год. Гэтае рашэнне каментуе былы кіраўнік Акадэміі Аляксандр Вайтовіч
"Трэба паціху іх адводзіць ад "кармушкі", сказаў кіраўнік дзяржавы пра навукоўцаў. Еўрарадыё пацікавілася ў Вайтовіча, дык чым пагражае гэтае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі Акадэміі навук і ўсім тым людзям, якія там працуюць?
111216 Vajtovich s.mp3
Аляксандр Вайтовіч: Я здзіўлены гэтым валявым рашэннем. Таму што невядомыя падставы, чаму так зроблена. Навука і так фінансуецца ў Беларусі вельмі і вельмі дрэнна. А гэтае скарачэнне фінансавання будзе выключна шкодная рэч для навукі. Гэта адлюструецца вельмі негатыўна на навуцы.
Еўрарадыё: А чаму, на вашу думку, такое рашэнне было прынятае? Бо здавалася б, што ўвесь свет інвестуе ў навуку, у тэхналогіі, у нанатэхналогіі… А ў нас атрымліваецца, што гэтыя інвестыцыі толькі скарачаюцца…
Аляксандр Вайтовіч: Я не ведаю чаму, я не ведаю, якія абгрунтаванні былі. Але на мой погляд ніякіх такіх аб’ектыўных падстаў, падстаў лагічных для скарачэння фінансавання навукі не існуе...
Можна ўзяць прыклад Расіі, якая скараціла на 20% колькасць навуковых супрацоўнікаў. Там гэта трывала нейкі даволі працяглы час. Абмяркоўвалася ў навуковай супольнасці, і былі выпрацаваны крытэрыі, з якіх трэба сыходзіць пры скарачэнні. У выніку, нейкая колькасць была скарочана, але зараз іх працаўнікі навуковыя атрымліваюць нашмат больш грошай, чым супрацоўнікі беларускай Акадэміі навук.
Вось такім шляхам трэба ісці — абмяркоўваць з навуковай супольнасцю, як можна павысіць эфектыўнасць навукі. На мой погляд, для беларускай навукі патрэбна такая радыкальная трансфармацыя. Але ж гэтага ніхто нідзе не абмяркоўвае, робяцца толькі такія вось валявыя рашэнні.
Еўрарадыё: Адзіным спосабам вымырэння эфектыўнасці навукоўцаў на Заходзе лічыцца публікацыі ў міжнародных навуковых часопісах, пераважна — англамоўных. Як беларуская навука прысутнічае ў такіх выданнях?
Аляксандр Вайтовіч: На жаль, крытэрыі навуковых дасягненняў размываюцца ў нашай краіне. Калі паслухаць, скажам, што гавораць чыноўнікі ад навукі, што казалася на працягу апошніх там 10 гадоў, то крытэрыі нейкія выстаўляліся незразумелыя, а не тыя, пра якія вы кажаце. Краіна наша невялікая, фінансаванне дрэннае, навука ўвесь час апускаецца ніжэй і ніжэй з-за гэтага фінансавання і з-за таго, што яна не прыцягвае да сябе маладых вучоных. Не карыстаецца папулярнасцю ў грамадстве, таму што заробкі выключна нізкія. Таму моладзь не ідзе. Але ў некаторых напрамках, дзякуючы людзям сярэднага і сталага ўзросту, захоўваецца яшчэ ўзровень нармальнай навукі на такім сусветным узроўні. І друкуюцца артыкулы ў часопісах з высокім рэйтынгам.
Еўрарадыё: А ці шмат пенсіянераў сярод навукоўцаў?
Аляксандр Вайтовіч: Досыць шмат. Сярод людзей вышэйшай кваліфікацыі, сярод дактароў навук. І гэта сведчанне таго, што да нас не ідзе моладзь і не ішла апошнія гады. І на гэтых пажылых людзях і людзях такога сталага ўзросту і трымаецца цяпер беларуская навука.
Еўрарадыё: А што прымушае гэтых людзей заставацца на працы? Іх не адпускаюць, таму што няма каму замяніць?
Аляксандр Вайтовіч: Гэтым людзям няма куды пайсці. Яны умеюць працаваць толькі ў навуцы. У 45 ці ў 60, альбо ў 70 гадоў чалавек ужо не можа змяніць напрамак сваёй дзейнасці. Яму ўжо лёсам не адпушчана. Але апошнім часам адкрываюцца добрыя вакансіі ў Расіі. Таму, калі нашу навуку будуць так прыгнятаць, скарачаць фінансаванне, бяздумна неяк разганяць, без абмяркоўвання з навуковай супольнасцю, без вызначэння напрамкаў, па якіх трэба рэфармаваць навуку, то людзі пойдуць працаваць у тую ж Расію.
Фота — bymedia.net