“Важна не тое, ці трапіць апазіцыянер у парламент, а тое, як ён туды трапіць”

“Важна не тое, ці трапіць апазіцыянер у парламент, а тое, як ён туды трапіць”

Чым сёлетнія выбары адрозніваюцца ад папярэдніх выбарчых кампаній, што плануе рабіць, сышоўшы з выбарчага марафону, ці здолее хоць нехта з дэмакратычных кандыдатаў прайсці ў парламент — адказаць на гэтыя і іншыя пытанні ў студыю Еўрарадыё завітаў намеснік лідара Руху “За свабоду” Алесь Лагвінец.

Цалкам размову з Алесем Лагвінцом можна паслухаць:

Найлепшыя цытаты з размовы

Усё, што робіцца падчас выбарчай кампаніі цяпер, — у асноўным пыл у вочы: гэтак жа больш-менш вольна можна было збіраць подпісы і падчас мінулых кампаній. Але чым бліжэй да дня галасавання — тым менш свабоды, тым менш магчымасцяў працаваць з людзьмі. Раней кандыдат з Сухарава мог ставіць пікеты, да прыкладу, у Малінаўцы — цяпер гэта забаронена. Пасля маіх пікетаў на мосце забаранілі ставіць пікеты на мастах. Пасля таго як мы правезлі па дарогах прычэп са сцягамі — забаранілі “весці агітацыю на праезнай частцы”. Ёсць канкрэтныя пагаршэнні ў вядзенні кампаніі.

Няма разумення, якое мусіць быць у любой прававой дзяржаве: што не забаронена — дазволена. Але вельмі натуральны рэфлекс дзяржаўнай машыны і наменклатуры: забараніць, запалохаць, не дапусціць і гэтак далей.

Улада не хоча цалкам адпускаць лейцы. Бо калі яна лейцы адпусціць, стане відавочна: людзі здольныя самі прымаць рашэнні, адказваць за сябе. А потым людзі зададуць сабе пытанне: “А навошта нам такая ўлада, якая ўвесь час нас абмяжоўвае?”

Актыўнасць альтэрнатыўных кандыдатаў прымушае актыўнічаць і кандыдатаў праўладных. Тым не менш асноўную працу за іх, як раней, так і цяпер, робіць дзяржаўная машына: збіраюць подпісы і агітуюць настаўнікі, дактары, выхавацелькі дзіцячых садкоў.

Адказнасць за тое, як праходзяць выбары, нясе не столькі Ярмошына, колькі ўся ўлада, вертыкаль. Ярмошына — таксама частка гэтай вертыкалі, але яна хутчэй такі цыркавы імпрэсарыа, які паказвае публіцы цырк з лепшага боку.

Прапусцяць ці не некага з дэмакратаў у парламент — будзе залежаць ад волі ўлады. Камісіі будуць рабіць так, як ім загадаюць. Не думаю, што ўлады рызыкнуць стварыць прэцэдэнт і скажуць камісіям: “Лічыце так, як яно ёсць”.

Кожны кандыдат павінен разумець: няма аўтаматызму, няма такога, што выйшаў і сказаў: “Я такі прыгожы і добры!” — і ўсе за цябе прагаласуюць. Араць трэба кожны раз як з нуля. Бо няма ў нас палітыкі, і людзі забываюцца пра публічных асоб.

Калі на акрузе, дзе балатуюцца альтэрнатыўныя кандыдаты, здымаюцца кандыдаты праўладныя, то гэта можа азначаць, што альтэрнатыўныя пройдуць у парламент. Але можа быць іншае: у адной-дзвюх акругах улады могуць сабе дазволіць сапраўды сумленна палічыць галасы і паглядзець, які ж на самай справе настрой у грамадства. Але ў выніку менавіта ўлада вырашае, каму яны дадуць выйграць, а каму — не. І гэта жахліва, гэта трагедыя. Бо вырашаць павінен народ.

Важна не тое, ці трапіць нехта з апазіцыі ў парламент, а тое, як ён туды трапіць. Тут пытанне прынцыповае: ці чалавека праводзяць у парламент, ці ён сам выйграе. Самае галоўнае — і гэта на будучыню, для нашых дзяцей — каб былі магчымасці выйграваць. Альбо прайграваць.

Спісы дэпутатаў будучага парламента складзеныя даўно. Але да 11 верасня можа нешта змяніцца, і магчымасць трапіць у гэты спіс канчаткова не закрытая — калі на версе вырашаць: “Той і той хай там будуць”.

Буду інфармаваць выбаршчыкаў на сваёй акрузе, што сярод тых кандыдатаў, хто застаўся ў нашай акрузе, выбіраць няма з каго. Слова “байкот” актуальнае ў пэўных акругах краіны…

У краіне няма рэвалюцыйнай сітуацыі, і сёлетняя кампанія не стане кампаніяй, якая прывядзе да ўлады іншую каманду. Але актыўная кампанія кандыдатаў дазваляе больш разварушыць людзей, паказаць, што такое альтэрнатыва.

У выбарах бярэ ўдзел шмат маладых людзей. Для іх гэтая кампанія — добрая практыка. А практыка вядзення палітычнай камунікацыі, зносінаў з людзьмі нам вельмі патрэбная. 

Фота Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі