Велізарны агрэст, адзенне з крапівы, адмова ад пластыку: толькі добрыя навіны
Лыжка мёду на Еўрарадыё
Запісацца на палёт у космас або выратаваць уласную планету, цалкам адмовіўшыся ад пластыку?
Замовіць шорты з крапівы, футболку з ананасаў або пафарбавацца "як у мультфільме "101 далмацінец"?
Калі не ведаеце, чым разнастаіць сваё жыццё, чытайце агляд самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.
Адзенне з крапівы і ананасаў
Марка Pangaia выпусціла калекцыю адзення з крапівы, водарасцяў і бананавых лістоў. У тканінах таксама выкарыстаныя ананасавыя валокны, бамбук і эўкаліпт. Новыя матэрыялы могуць стаць альтэрнатывай бавоўне.
З новых матэрыялаў пашылі худзі, футболкі, спартыўныя штаны і шорты. Калекцыю з раслінных тканін ужо можна знайсці на сайце Pangaia.
Калі вельмі захацець, можна ў космас паляцець
Virgin Galactic прапануе забраніраваць месцы на новыя турыстычныя палёты ў космас. Стартавая цана — 450 тысяч долараў.
Месцы ўжо забраніравалі 600 чалавек.
Дарэчы, кампанія стала першай, якая атрымала ліцэнзію на камерцыйныя касмічныя рэйсы.
Напалову бландзінка, напалову брунетка
Афарбоўванне валасоў ліхадзейкі Круэлы дэ Віль з папулярнага мультфільма "101 далмацінец" стала новым модным трэндам у Брытаніі.
Найбольш папулярным варыянтам прычоскі з'яўляецца пакрыццё адной паловы галавы чорнай фарбай, а другой — белай.
Агрэст памерам з персік
85-гадовы Браян Нэліст з ёркшырскай вёскі Эгтан-Брыдж перамог на штогадовым фестывалі агрэсту.
Мужчына выгадаваў ягаду памерам з персік, вага якой склала 47,5 грама.
Праўда, сусветны рэкорд, які быў пастаўлены ў пазамінулым годзе, застаўся непахісным. Тады ў жыхара Ёркшыра атрымалася перамагчы на фестывалі з ягадай масай 64,5 грама.
Еўропа развіталася з пластыкавым посудам
У краінах Еўрасаюза канчаткова развіталіся з пластыкавым посудам. Адпаведны закон набыў моц яшчэ 3 ліпеня. Ён таксама забараняе вытворчасць і продаж ватных палачак, трубачак для кактэйляў, палачак для паветраных шароў, оксаракладаных харчовых кантэйнераў і пенапалістырольных кубачкаў.
Today is the day!
— Virginijus Sinkevičius (@VSinkevicius) July 3, 2021
Europe waves goodbye to:
Single-use plastic plates, cutlery, straws, balloon sticks & cotton buds
cups, food & beverage containers made of expanded polystyrene &
all products made of oxo-degradable plastic!https://t.co/f99kg4HwHt#EUGreenDeal pic.twitter.com/gQ8CYmNH9B
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.