Віцэ-прэм'ер Бельгіі патрабуе санкцый супраць Ізраіля за бамбардзіроўкі Газы

Палестынцы шукаюць параненых у Хан-Юнісе на поўдні сектара Газа

Палестынцы шукаюць параненых у Хан-Юнісе на поўдні сектара Газа / Reuters

Віцэ-прэм'ер Бельгіі Петра дэ Сутэр заклікала бельгійскі ўрад увесці санкцыі супраць Ізраіля і расследаваць бамбардзіроўкі бальніц і лагераў бежанцаў у сектары Газа. "Прыйшоў час увесці санкцыі супраць Ізраіля. Гэты дождж з бомбаў бесчалавечны", — заявіла дэ Сутэр. Яе словы прыводзіць ВВС.

Чыноўніца таксама лічыць, што ЕС мусіць неадкладна прыпыніць дзеянне свайго пагаднення з Ізраілем, скіраванага на паляпшэнне эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва. Паводле яе, улады ЕС павінныя ўвесці забарону на ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза "агрэсіўным пасяленцам, палітыкам і салдатам, вінаватым у ваенных злачынствах". Пры гэтым адначасова Петра дэ Сутэр лічыць, што Бельгія мусіць скараціць грашовыя патокі, якія паступаюць ХАМАС. Яна згодная, што "гэта тэрарыстычная арганізацыя".

Тым часам баі ідуць ужо не толькі ў сектары Газа, але і на заходнім беразе ракі Іярдан, у прыватнасці, ля горада Джэнін. Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху на сустрэчы з вайскоўцамі заявіў, што краіна змагаецца з тэрарызмам, і трэба не дапусціць эскалацыі, пазбегнуць ператварэння заходняга берага ракі Іярдан у другі фронт. Раніцай Армія абароны Ізраіля паведаміла, што за "апошнія суткі самалёты ізраільскіх ВПС атакавалі сотні аб'ектаў тэрарыстаў у сектары Газа". На поўначы сектара быў захоплены "Фарпост 17", які баевікі ХАМАСа і "Ісламскага джыхаду", паводле ізраільскіх вайскоўцаў, выкарыстоўвалі ў якасці абарончай мяжы. Баі за "Фарпост 17" ішлі больш за дзесяць гадзін. У Ізраілі кажуць, што з 7 кастрычніка, з пачатку вайны, на тэрыторыі Палестынскай аўтаноміі, затрымалі больш за 1430 чалавек, якія падазраюцца ў тэроры, больш за 900 з іх звязаныя з ХАМАС.

Тым часам Міністэрства аховы здароўя Газы заяўляе, што з 7 кастрычніка ў выніку баявых дзеянняў на тэрыторыі сектара загінула 10 тысяч 569 чалавек, у тым ліку 4324 дзіцяці і 2823 жанчыны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі