Віцэ-спікер сейма Літвы: Макей на Саміце — гэта фармальнае прадстаўніцтва

У межах саміта Усходняга партнёрства ў Вільні адбываецца форум беларускіх НДА BўROOM. Мабільную студыю Еўрарадыё, што працуе ў літоўскай сталіцы, наведаў адзін з гасцей форума — віцэ-спікер літоўскага сейма Пятрас Аўштравічус. Палітык падзяліўся сваім меркаваннем аб фармальным удзеле Беларусі ў саміце і аб асацыяцыях літоўцаў з нашай краінай.

Пятрас Аўштравічус: Па-першае, мне вельмі падабаецца, што беларуская мова гучыць у Вільні. Яна гістарычна гучала ў гэтым горадзе. Тут жыло шмат прадстаўнікоў розных нацыянальных меншасцяў, і хачу сказаць, што беларусы не мусяць адчуваць сябе меншасцю тут. Літва, якая старшынствуе ў ЕС гэтыя паўгода, зрабіла шмат, каб палітыка ЕС па Усходнім партнёрстве была актывізавана, каб былі дасягнутыя канкрэтныя вынікі. Беларусь будзе прадстаўлена на саміце міністрам замежных спраў, але гэта будзе толькі фармальнае прадстаўніцтва. Я шкадую, што краіна, якая сама па сабе і культурна, і палітычна з’яўляецца непадзельнай часткай Еўропы, ізалявала сябе. І мы ў прынцыпе маем вельмі абмежаваныя магчымасці, каб прасоўваць нашы двухбаковыя і шматбаковыя стасункі з Беларуссю так, як мы хочам.

Еўрарадыё: А чаго б вы хацелі?

Пятрас Аўштравічус: Мы хацелі б, каб не было перашкод, каб мяжа была больш фармальная. У нас ёсць такая прапанова для Беларусі, і прэзідэнт Беларусі ніяк не хоча падпісваць пагадненне аб малым памежным руху. Мы хочам, каб Беларусь была ў шэрагу з намі — з тымі вольнымі дэмакратычнымі краінамі Еўропы, якія разумеюць адзін аднаго, якім не трэба тлумачыць, што такое дэмакратыя, у якіх няма спрэчак па каштоўнасных пытаннях. Мы можам спрачацца аб эканоміцы, мы можам быць сапернікамі на футбольным полі ці на баскетбольнай пляцоўцы, але ў палітыцы мы хочам быць партнёрамі.

Еўрарадыё: А з чым асацыюецца Беларусь у простых літоўцаў ці ў літоўскіх палітыкаў?

Пятрас Аўштравічус: Ведаеце, літоўцы адкрытыя людзі. Мы маем адносіны з Беларуссю цягам многіх стагоддзяў. Шмат сяброў, знаёмых, сваякоў жыве па абодвух баках мяжы. Але, на жаль, я мушу сказаць, ізаляцыя, хіба, тое слова, якое шмат у чым асацыюецца з Беларуссю. І такое кіраўніцтва адной рукі Аляксандра Лукашэнкі, які з’явіўся не ведаю адкуль, алё ён кіруе краінай, як калгасам. Гэта не дэмакратычны кіраўнік. Ён, мне здаецца, не стварае будучыні для краіны, ён прыніжае народ, ён думае, што беларусы — нейкая асобная нацыя, якая мае нешта асаблівае, што закрыла ўвесь народ у постсавецкім пакоі. А я думаю, што беларусы — гэта нармальныя людзі, такія ж, як літоўцы. Маем, што маем. Але мы не тая краіна, якая сядзіць склаўшы рукі. Я думаю, што нашы добрыя намеры атрымаюць і больш практычную падтрымку.

Еўрарадыё: Учора ў сейме абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, і там гучала прапанова аб стварэнні трыбунала па Беларусі. Што думаеце пра гэта?

Пятрас Аўштравічус: Я ўпэўнены, што ніхто з сусветных кіраўнікоў не можа парушаць правы чалавека. Тыя, хто працягваюць парушаць правы, маюць, на маю думку, кароткатэрміновую будучыню. Рана ці позна прыйдзе час, калі за гэта трэба будзе адказаць. І таму гэта добрая ідэя. Мы не хочам маўчаць, бо ведаем, што палітвязні за сцяной, іх сваякі не могуць з імі сустракацца, а выстаўленае ім абвінавачанне — гэта фальш. Гэтыя вязні сумлення павінны ведаць, што іх справа правільная, яны не забытыя. І ёсць краіны і людзі, якія пра іх помняць. Гэта самае важнае, што мы можам зараз зрабіць. І, натуральна, паўсюль трэба падымаць гэта пытанне: гучна і выразна.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што Беларусь прадстаўляе міністр замежных спраў і гэта фармальнае прадстаўніцтва. Спачатку ішла гаворка, што можа прыехаць увогуле хто-небудзь з кіраўнікоў дэпартаментаў. Мабыць, гэта ўсё ж такі добры знак — што прыехаў сам міністр?

Пятрас Аўштравічус: Думаю, што гэта добры знак. Афіцыйны Мінск не можа не звяртаць увагі на тое, што адбываецца ў непасрэднай блізкасці ад мяжы Беларусі. Па-другое, ЕС і заходні свет уяўляе сабой вялікі рынак у эканамічным свеце. Гэта пастаянныя паступленні ў беларускі бюджэт і гэтак далей. Я думаю, што Лукашэнка — безумоўна, хітры гулец. Ён гуляе ў эканамічную гульню, у палітыцы паказвае, што, маўляў, так, мы чуем, што вы гаворыце. І, здаецца, міністр будзе прадстаўляць гэты фармальны бок. Ён пачуе, што-небудзь скажа, але прарыву мы не чакаем. Калі прарыў адбыўся б, гэта адбылося б у самой Беларусі.

Еўрарадыё: А хто мусіў прыехаць, каб было афіцыйнае, а не фармальнае прадстаўніцтва?

Пятрас Аўштравічус: Я спадзяюся, што яшчэ пабачу дэмакратычна абранага прэзідэнта Беларусі. Ён будзе абраны такім шляхам, што за яго прагаласуюць партыі, людзі па ўсёй Беларусі. Ён прыедзе з паднятай галавой, ён прыедзе з нацыянальным сцягам, і ён будзе гаварыць ад усяго беларускага народа, а не толькі ад тых афіцыйных асобаў, якіх ён прадстаўляе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі