“Візы для беларусаў не патаннеюць, а палітвязні адыдуць на другі план"
Праект рэзалюцыі рыжскага саміту Усходняга партнёрства, што трапіў у СМІ, Еўрарадыё вывучае разам з палітолагам Дзянісам Мельянцовым
Еўрарадыё: Стаў вядомы праект рэзалюцыю рыжскага саміту Усходняга партнёрства — гэта нармальна, так заўжды бывае?
Дзяніс Мельянцоў: Вядома, гэта не нармальна, бо гэта — праект. Але звычайна ў ЕС усё робіцца загадзя, бо ўсё трэба ўзгадніць з краінамі-ўдзельніцамі, рознымі зацікаўленымі структурамі і асобамі, каб перад самім самітам рэзалюцыя была гатовая. Але калі загадзя ўсё рыхтуецца, то павышаецца небяспека інфармацыйных зліваў. Што і адбылося. Тэкст рэзалюцыі, зразумела, “сыры”, туды яшчэ будуць уносіцца розныя праўкі, але ён ужо стаў вядомы грамадскасці.
Еўрарадыё: Наколькі магчыма, што пасля ўнясення ўсіх правак, канчатковая рэзалюцыя будзе моцна адрознівацца ад таго, што мы бачым сёння?
Дзяніс Мельянцоў: Вельмі адрознівацца яна можа тады, калі на саміце плануюць праводзіць сур’ёзныя дэбаты наконт падпісання нейкіх дамоваў. Як гэта было падчас віленскага саміту ў 2013 годзе. Калі да апошняга моманту не было зразумела, ці падпіша Януковіч дамову ад асацыяцыі Украіны і ЕС. Але і тады праект рэзалюцыі быў складзены загадзя, краіны да саміту рыхтаваліся, тэкст Дамовы аб асацыяцыі з Украінай быў гатовы і вядомы. Цяпер, да 2 месяцы да саміту, збольшага вядома, чаго ад яго чакаць. Да прыкладу, цяпер у нас перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС у фінальнай фазе, але пакуль не вядома, ці будуць да саміту знятыя ўсе перашкоды. Вядома, што ёсць праблема з дыппашпартамі, і пакуль не вядома, ці вырашаць яе. Калі вырашаць, то на саміце можа быць парафіраваная дамова па візавай фасілітацыі з Беларуссю. З астатнімі краінамі таксама ўсё развіваецца без інтрыгі. Адзінае, чакалі, што з Грузіяй і Украінай будзе вырашанае пытанне бязвізавага рэжыму, што, магчыма, назавуць канкрэтныя даты, калі можна будзе ехаць у ЕС без візы. Але калі меркаваць па рэзалюцыі, то гэтага не прадбачыцца. Але не выключана, што да канца траўня яны не закрыюць усе праблемы і не адкрыюць шлях да бязвізавага рэжыму.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што ўжо цяпер збольшага вядома, што чакаць ад саміту — а калі туды нечакана прыедзе Лукашэнка, гэта таксама ніякай інтрыгі не дадасць і на канчатковую рэзалюцыю ніяк не паўплывае?
Дзяніс Мельянцоў: Думаю, што не паўплывае. Тым больш, што ў гэтай рэзалюцыі не вызначаецца прадстаўніцтва — там проста названыя краіны. І для прысутнасці там беларускага лідара няма вялікай патрэба, гэта, хутчэй, іміджавы крок для яго і дадатковы піяр для Беларусі. І гэта мог бы быць крок “добрай волі” з боку ЕС. Але будзе там міністр Макей, ці прэзідэнт Лукашэнка, ніяк не будзе ўплываць на змест і на тыя пункты, якія мусяць быць падпісаныя ды зацверджаныя на саміце. Парадак дня зразумелы, і ён наўрад ці будзе мяняцца ад таго, хто там будзе прадстаўляць Беларусь.
Еўрарадыё: Калі дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму на саміце не будзе падпісаная, то, можа, ён не вельмі для нас і цікавы ўвогуле?
Дзяніс Мельянцоў: Гэтая дамова — не асноўны бонус для Беларусі ад гэтага саміту. Там асноўным для нас будзе падпісанне “дарожнай мапы” па мадэрнізацыі. Гэта, хутчэй за ўсё, будзе вынік тых дыялогаў па пытаннях мадэрнізацыі, якія вяліся цягам апошніх двух гадоў. А таксама, як вынікае з тэксту, будзе зацверджана, якім чынам ЕС можа дапамагчы ў гэтай мадэрнізацыі. Гэта асноўнае, чаго чакае беларускі бок ад саміту ў Рызе. Візавая фасілітацыя — таксама важнае пытанне, але пакуль, мяркуючы з тэксце рэзалюцыі, не атрымалася залагодзіць усе супярэчнасці, якія былі падчас перамоў. І найперш беларускі бок патрабаваў, каб былі бязвізавыя паездкі для трымальнікаў дыпламатычных пашпартоў. Але ж, як я кажу, і тут ёсць невялікая інтрыга.
Еўрарадыё: Для простага беларуса аблягчэнне візавага рэжыму зменшыць кошт "шэнгена" з 60 да 35 еўра. А што яму дасць гэтая “дарожная мапа” па мадэрнізацыі?
Дзяніс Мельянцоў: Наўрад ці кожны беларус у кароткатэрміновай перспектыве адчуе на сабе нейкія змены пасля падпісання гэтай “мапы”. Але для Беларусі гэта вельмі важная рэч. Нагадаю, беларускі урад і ЕС апошнія два гады выпрацоўвалі нейкія планы: як ЕС можа дапамагчы Беларусі мадэрнізавацца. І ў эканамічным сэнсе, і ў грамадскім. Здаецца, яны вызначыліся з прыярытэтамі рэформ, і з тым, якім чынам ЕС можа дапамагчы ў гэтым і фінансавымі, і кансультатыўнымі, і нейкімі іншымі сродкамі. Гэта пытанне доўгатэрміновае, але менавіта гэта паспрыяе развіццю краіны ў перспектыве. Што ў выніку будзе добра і для грамадзян.
Еўрарадыё: З праекта рэзалюцыі вынікае, што ў чэрвені ў Мінску пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў краін Усходняга партнёрства. Што азначае гэты факт?
Дзяніс Мельянцоў: Што ў нашу краіну працягнуцца замежнапалітычныя візіты і пасля саміту. Што Беларусь паступова перастае быць краінай-выгнанніцай, краінай у ізаляцыі. Тое, што пэўныя мерапрыемствы Усходняга партнёрства, якія раней Беларусь абміналі, будуць праходзіць у нас, вельмі важна. Няхай гэтая сустрэча лічыцца нефармальнай, але яна важная для абмену думкамі, планамі, нефармальнымі перамовамі. Такая сустрэча міністраў праходзіць раз на два гады, і тое, што чарговая сустрэча пройдзе ў Мінску азначае: гэта сігнал, што міратворчыя крокі Беларусі на міжнароднай арэне Еўрасаюзам убачаныя, зафіксаваныя і што цяпер ЕС гатовы ісці на пэўныя крокі па дэізаляцыі Беларусі. Бо ў такіх сустрэчах бяруць удзел і еўрапейскія міністры ды камісары, і можна чакаць прыезду альбо еўракамісара Хана, альбо Магерыні, альбо яе намесніцы Хельгі Шмідт, якая тут ужо была.
Еўрарадыё: Еўрачыноўнікі шмат казалі пра грунтоўную трансфармацыю ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, але з гэтага праекта рэзалюцыі не бачна, каб яна была такая ўжо грунтоўная…
Дзяніс Мельянцоў: Тое, што вынікае з рэзалюцыі, ніякая не трансфармацыя ўвогуле. Спецыялісты, якія займаюцца Усходнім партнёрствам, ужо некалькі месяцаў абмяркоўваюць: “Чаму ў ЕС не распрацоўваецца ніякіх новых падыходаў да Усходнага партнёрства, чаму цішыня”. Звычайна, калі нейкая ініцыятыва патрабуе перагляду, то за паўгода-год пачынаюцца абмеркаванні ў еўрапейскіх даследчых цэнтрах, у чыноўніцкіх калідорах, робяцца палітычныя прапановы, гуляюць паперы. А цяпер пануе цішыня, з чаго робіцца выснова, што наўрад ці прынцыповы перагляд гэтай ініцыятывы будзе адбывацца. Затое на пачатку сакавіка ЕС абвясціў, што ён будзе трансфармаваць “Еўрапейскую палітыку суседства”. А гэта такая рамкавая палітыка, якая тычыцца не толькі ўсходніх, але і паўднёвых суседзяў ЕС. І Усходняе партнёрства ўваходзіць у гэтую ініцыятыву. Адпаведна, няма сэнсу займацца рэформай Усходняга партнёрства, калі ініцыяваная рэформа большай структуры.
Да ўсяго, нефармальна некаторыя еўрапалітыкі выказваюць меркаванне, што Усходняе партнёрства не атрымалася: некаторыя краіны-партнёры ўжо ў Еўразійскім саюзе, з Украінай ўвогуле незразумела, што будзе адбывацца ў бліжэйшы час. З гэтага я раблю выснову, што паступова "Усходняе партнёрства" будзе растворанае ў “Еўрапейскай палітыцы суседства”. У рэзалюцыі прапісана, што дачыненні з краінамі-партнёрамі мусяць стаць больш дыферэнцаванымі: будзе зніжацца доля шматбаковага супрацоўніцтва і пашырацца доля супрацоўніцтва двухбаковага. А ў такім выпадку “Усходняе партнёрства” як пляцоўка губляе сваю важнасць і цалкам магчыма развіваць двухбаковыя стасункі ў межах “Палітыкі суседства”, а не “Усходняга партнёрства”.
Еўрарадыё: Беларусь губляе нешта ад знікнення ініцыятывы “Усходняе партнёрства”?
Дзяніс Мельянцоў: Двухбаковыя адносіны Беларусі з ЕС — больш выгадныя і прэстыжныя. У межах “Усходняга партнёрства”, двухбаковы накірунак для Беларусі быў закрыты з-за санкцый і ізаляцыі. А калі зараз ЕС зробіць націск на двухбаковыя стасункі, то гэта будзе тое, чаго беларускі ўрад даўно дамагаўся.
З іншага боку, шырокая пляцоўка “Усходняга партнёрства” для прадстаўнікоў як краін-партнёраў, так і прадстаўнікоў ЕС была карысная. Можна было ў больш шырокім кантэксце вырашаць пэўныя пытанні. Безумоўна, гэтая пляцоўка ў адзін момант не знікне, яна будзе неяк трансфармавацца, але гэтыя змены Мінску больш выгадныя, чым нявыгадныя.
Еўрарадыё: То, можа, гэты рыжскі саміт стане апошнім для “Усходняга партнёрства”?
Дзяніс Мельянцоў: Цяжка сказаць… Як кожная ініцыятыва і праект Еўрасаюза, ён збольшага неўміручы. Бо пэўныя палітыкі ў яго “ўклаліся”. “Усходняе партнёрства” — сумесны польска-шведскі праект, у які укладзена шмат прэстыжу і палітыкаў, і краін, таму проста так зачыніць яго не атрымаецца. Думаю, калі нават і будзе абгавораным намі чынам трансфармаваная гэта ініцыятыва, то ўсё адно нейкая віртуальная пляцоўка для нашых краін застанецца. Можа, будзе асобны накірунак для Беларусі, Украіны і Малдовы і асобны — для Грузіі, Арменіі і Азербайджана.
Еўрарадыё: З праекта рэзалюцыі вынікае, што цяпер для Еўрасаюза ў адносінах з краінамі-партнёрамі галоўнымі будуць не “дэмакратычныя каштоўнасці”, а “інтарэсы”. Ці азначае гэта, што на стан свабоды слова ці на наяўнасць у краіне палітвязняў асаблівай увагі надавацца з боку ЕС больш не будзе?
Дзяніс Мельянцоў: Сапраўды, мяркуючы па рэзалюцыі, на першы план выходзяць пытанні “інтарэсаў”. Але гэта не азначае, што пытанне “каштоўнасцяў” цалкам забываецца. Яны проста памяняліся месцамі. У ранейшых рэзалюцыях, да прыкладу, калі паглядзім “Пражскую дэкларацыю” 2009 года, то ўбачым, што ўсё “Усходняе партнёрства” грунтуецца на адзінстве каштоўнасцяў: дэмакратыі, свабодзе слова, вяршэнстве права і гэтак далей А цяпер мы бачым, што першаснае — інтарэсы, а другаснае — дэмакратыя і каштоўнасці. Але яно таксама ёсць. Гэта азначае, што еўрапейскія каштоўнасці, палітвязні і пытанне дэмакратызацыі Беларусі не будуць забытыя, але гэта стане не галоўным. Акурат на фоне падзей ва Украіне і новай “халоднай вайны” для ЕС больш важным становіцца пытанне бяспекі. Тым не менш, пытанні каштоўнасцяў не забываюцца — трохі змяняюцца прыярытэты.
Фота: Змітра Лукашука