Конкурс на парушэнне заканадаўства абвясцілі магілёўскія ўлады
Магілёўскія чыноўнікі хочуць забудаваць гістарычны цэнтр горада
Гарадскія ўлады Магілёва праводзяць архітэктурны конкурс, галоўная ўмова якога — ігнараваць дзеючае заканадаўства, звярнуў увагу тг-канал "Спадчына".
Паведамленне пра конкурс з'явілася на сайце Магілёўскага гарвыканкама. Чыноўнікі чакаюць найлепшыя архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі шматкватэрнай жылой забудовы цэнтральнай часткі Магілёва. Праекты прымаюцца да 30 лістапада. Пад праекты адводзяцца былое Віленскае прадмесце Магілёва і схіл карэннага берага, на якім стаіць гістарычны цэнтр горада.
Арганізатары конкурсу ставяць умовай не ўлічваць генеральны план горада 2003 года і праект зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва і прылеглых тэрыторый, зацверджаны Мінкультам улетку 2023 года.
"У генеральным плане Магілёва 2003 года абодва ўчасткі амаль цалкам абазначаны жоўтым колерам, то бок там пакідаецца існая сядзібная забудова. А ў праекце зон аховы будаўніцтва або цалкам забаронена, або моцна абмежавана па вышыні", — адзначаецца ў тг-канале "Спадчына".
Верагодна, чыноўнікі вырашылі забяспечыць сябе прыгожымі карцінкамі пабудовы шматпавярховікаў у гістарычным цэнтры Магілёва. Абапіраючыся на іх, яны змогуць дамагацца зменаў у генплане і праекце зон аховы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.