Брастаўчаніну, які хадзіў на палітычныя суды, прысудзілі сем гадоў калоніі
Віталь Чопік
Сем гадоў калоніі прысудзілі 41-гадоваму брастаўчаніну Віталю Чопіку, які хадзіў як назіральнік на палітычныя суды. Пра гэта паведамляюць праўладныя тг-каналы.
Таксама суд прызначыў яму велізарны штраф — 40 тысяч рублёў (1000 базавых велічыняў).
Мужчыну судзілі па абвінавачанні ў садзейнічанні "экстрэмісцкай" дзейнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК) і грубым парушэнні грамадскага парадку (арт. 342 КК).
Затрымалі Чопіка ў красавіку 2024 года. Пасля затрымання, як пісалі праваабаронцы, мужчыну дастаўлялі ў бальніцу са слядамі моцнага збіцця.
Дзяржаўныя СМІ пасля гэтага пісалі, што Чопік "разам з саўдзельнікамі сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў". Нічога з пералічанага не з'яўляецца ні злачынствам, ні правапарушэннем нават паводле лукашэнкаўскіх законаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.