Крадзеж клюшак, шалёныя крэдыты — расіянін будзе гуляць за жлобінскі "Металург"

Багдан Пацехін

Багдан Пацехін / sport.ru

Жлобінскі хакейны клуб "Металург" падпісаў Багдана Пацехіна. Гэты 32-гадовы расіянін двойчы станавіўся чэмпіёнам КХЛ і мае добрую статыстыку ў ВХЛ.

Пацехін — выхаванец магнітагорскага "Металурга", з якім ён двойчы выйграваў Кубак Гагарына — у сезонах 2013/2014 і 2015/2016 гадоў. Потым ён гуляў за іншыя клубы. Як адзначае "Трыбуна", у "Амуры" ён адзначыўся сімуляцыяй — паваліўся на лёд без дапамогі саперніка. Эпізод разгледзелі ў спартыўна-дысцыплінарным камітэце КХЛ і прызначылі хакеісту штраф.

У сезон 2021/2022 гадоў хакеіст памяняў два клубы, а таксама хадзіў па судах: ён набраў некалькі крэдытаў, якія не мог выплаціць, таму крэдыторы спрачаліся за яго маёмасць.

У снежні 2021-га Пацехін перабраўся ў чэмпіянат Украіны. Там ён гуляў за "Данбас", які ўзначальваў беларус Павел Мікульчык. Хакеіст правёў тры матчы, пасля чаго спыніў супрацу з клубам — гэта было за паўтара месяца да шыромаштамбнага расійскага ўварвання ва Украіну. Трэнер казаў, што ў спартоўца былі вялікія праблемы з рэжымам.

Праз восем месяцаў, у верасні 2022-га, Пацехін уладкаваўся ў краснаярскі "Сокал", але клуб раптам заявіў пра скасаванне кантракту. Паводле неафіцыйных звестак, гульца злавілі на крадзяжы клюшак з каманднай распранальні. Вылічылі яго пасля прагляду запісаў з відэакамер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі