Расійскі дрон трапіў у будынак сховішча адпрацаванага ядзернага паліва на Кіеўшчыне

Будынак сховішча

Будынак сховішча / Енергоатом

У ноч на 7 чэрвеня пасійскі дрон трапіў у адзін з будынкаў Цэнтральнага сховішча адпрацаванага ядзернага паліва (ЦСАЯП) у Кіеўскай вобласці і выклікаў там пажар. Пра гэта паведамілі дзяржаўная кампанія “Энергаатам” і Міністэрства энергетыкі Украіны.

Паводле іх звестак, інцыдэнт адбыўся ў 02:10 па мясцовым часе. Часткова быў разбураны будынак прыёму кантэйнераў, у якім адпрацаванае ядзернае паліва не захоўвалася.

“Ачаг узгарання плошчай 40 квадратных метраў быў аператыўна лакалізаваны і цалкам ліквідаваны. Пацярпелых сярод персаналу няма. Радыяцыйнае становішча на пляцоўцы ЦСАЯП застаецца ў межах нормы”, — паведамілі ў “Энергаатаме”.

Цэнтральнае сховішча адпрацаванага ядзернага паліва знаходзіцца ў Кіеўскай вобласці, у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Там захоўваецца адпрацаванае паліва з усіх украінскіх атамных электрастанцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.