Віцеблянін пазычыў дзясяткі тысяч долараў на развіццё ўяўнага аўтабізнэсу
Віцебскі гараддзел Следчага камітэта расследуе махлярства ў буйным памеры. Падазраваным па справе, як паведаміла агенцтву БелаПАН афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення СК па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, праходзіць 24-гадовы віцяблянін.
Хлопец расказваў, што збіраецца развіваць бізнэс, звязаны з продажам аўтазапчастак. Пад гэта ён пазычыў у пяці знаёмых буйныя сумы грошай. Па версіі следства, вяртаць грошы віцяблянін не намерваўся, а працягваў аднаго за адным падманваць сваіх знаёмых.
Так, былы калега падазраванага двойчы па яго просьбе атрымліваў у банку крэдыт на 30 і 60 млн рублёў. Сябар дзяцінства перадаў падазраванаму 13 тысяч долараў, бацька знаёмай аддаў яму аўтамабіль, а сяброўка "будучага прадпрымальніка" ўклала ў неіснуючы бізнэс больш за 16 тысяч долараў і свой Volkswagen New Beetle.
Следчыя працуюць з пацярпелымі, праводзяць допыты, вочныя стаўкі, высвятляюць дакладныя сумы нанесенай шкоды.
Фота: drive2.ru