Віцебская каталіцкая дыяцэзія рыхтуецца святкаваць сваё дзесяцігоддзе

Як паведамляе БелаПАН, галоўныя імпрэзы з гэтай нагоды адбудуцца 22 жніўня ў Браславе. У гэты дзень у мясцовым касцёле пройдзе каранаванне цудатворнага абраза Божай Маці Браслаўскай "Уладарка азёраў". Плануецца, што святочную цырымонію ўзначаліць кардынал Іяахім Мейснер з Кёльна (Нямеччына).  У рамках падрыхтоўкі да юбілею Віцебская дыяцэзія абвясціла абласны паэтычны конкурс сярод моладзі. Да ўдзелу ў ім запрошаныя прадстаўнікі любых канфесій з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны ад 15 да 25 гадоў. Удзельнікі павінны напісаць верш любога жанру — гэта можа быць патрыятычная, любоўная або філасофская лірыка, а таксама твор на духоўную тэму. Конкурсныя працы прымаюцца да 20 чэрвеня. Імёны пераможцаў абвесцяць у жніўні на святочных мерапрыемствах у Браславе.

Віцебская каталіцкая дыяцэзія была створаная Апостальскай канстытуцыяй 13 кастрычніка 1999 года. Кіруе епархіяй біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін. Межы дыяцэзіі супадаюць з межамі Віцебскай вобласці.

Па звестках на 2008 год, на Віцебшчыне пражывала каля 170 тыс. каталікоў. Дыяцэзія налічае 137 парафіяў, у якіх працуе 110 святароў. За 10 гадоў у дыяцэзіі пабудавана 15 касцёлаў, столькі ж храмаў адрэстаўравана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі