Віцебская мытня перакрыла кантрабанду касметыкі
11 вялікіх скрыняў з касметыкай, чатыры – з дыскамі, 59 рулонаў імпартнай тканіны ды больш як тры тысячы галантарэйных вырабаў затрымалі віцебскія мытнікі разам з калегамі з транспартнай міліцыі на мытным пераходзе “Рэдзькі”. Усё гэта два беларусы везлі на мікрааўтобусах з Расіі, вядома ж, без дакументаў. Агульны кошт кантрабанды склаў болей як 172 мільёны. А ў Браслаўскім раёне мытнікі затрымалі грамадзяніна Літвы, што намагаўся правезці з Літвы ў Расію касметыку. Мытнікі выявілі несупадзенне фактычнай колькасці касметыкі з тым, што быў адзначаны у дакументах. “Давесак” атрымаўся агульным коштам аж на 2,5 мільярды. Па факце распачата адміністратыўная справа. Хутчэй за ўсё, кантрабанду канфіскуюць.