Віцебскі ксёндз Андрэй Вашчук асуджаны на 15 сутак
Віцебскі ксёндз Андрэй Вашчук SDS асуджаны на 15 сутак, паведамляе @christianvision.
Настаяцель каталіцкага прыходу Святога Духа ў Віцебску быў затрыманы 15 ліпеня. Яго абвінаваліці па частцы 1 артыкула 24.23 — парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.
Надоечы епіскап Юрый Касабуцкі заклікаў вернікаў маліцца за затрыманага Андрэя Вашчука.
"Гэта Святар (я свядома пішу гэтае слова з вялікай літары ў дачыненні да айца Андрэя) па Божым провіду і высакародны чалавек. Мы молімся за ўсіх, каму патрэбная Божая дапамога падчас выпрабаванняў, асабліва падчас пераследу і рэпрэсій", — адзначыў біскуп.
Таксама Касабуцкі заклікаў усіх святароў 18 ліпеня адслужыць святую імшу за затрыманага ксянза.
Суд над ксянзом Андрэем Вашчуком SDS прайшоў у закрытым рэжыме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.