Віцебскі пенсіянер зарабіў на бізнэс-партнёрах больш за 1 мільярд рублёў
Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы на 66-гадовага жыхара Віцебска. Па звестках следчых, мужчына падмануў грамадзян на суму, большую за 1 мільярд рублёў, а таксама неаднаразова падбухторваў даваць хабар службовым асобам.
Выявілася, што з лістапада 2013 года мужчына стаў прапаноўваць сваім знаёмым адкрыць бізнес, звязаны з фермерскай гаспадаркай. Ён агітаваў будучых бізнэс-партнёраў выгоднымі ўмовамі, якія прапануе дзяржава на гэты від дзейнасці, і высокімі прыбыткамі ад аграэкатурызму ў краіне і моды на здаровы лад жыцця.
Віцяблянін абяцаўся, што зоймецца афармленнем усіх дакументаў і бюракратычнымі працэдурамі. Пры гэтым ён заяўляў, што мае сувязі ў мясцовых органах дзяржаўнай улады і добра ведае, каму і колькі трэба заплаціць за вырашэнне пытанняў. Напарнікі ж мусілі забяспечваць фінансавы бок справы, а таксама набываць нерухомасць, якая фактычна давалася дзяржавай бязвыплатна.
Прадпрымальны пенсіянер знайшоў сабе трох бізнэс-партнёраў, якія далі яму буйныя сумы грошай. Аднак сам ён, па версіі следства, не збіраўся выконваць узятыя на сябе абавязанні. Грошы ён прысабечваў, а партнёрам казаў, што справа зацягваецца праз прамаруджванне чыноўнікаў.
Калі партнёры западозрылі віцябляніна ў падмане, яны звярнуліся ў праваахоўныя органы. Пенсіянеру выставілі абвінавачанні ў падбухторванні да дачы хабару, у тым ліку паўторна і ў буйным памеры, а таксама ў махлярстве, у тым ліку паўторна і ў асабліва буйным памеры.
Па звестках следства, шкода ад дзеянняў віцябляніна склала больш за 1 млрд 100 млн рублёў. Следства наклала арышт на маёмасць абвінавачанага асобы на суму больш за 1 млрд 500 млн рублёў. Сярод іншага пад арышт трапілі набыты за час злачыннай дзейнасці гатэльна-катэджны СПА-санаторый "Вечалле", аўтамабіль, дарагая маёмасць па месцы жыхарства.
Фота: sk.gov.by