Віцебскі праваабаронца падаў у гарвыканкам заяўку на пікет у Фэйсбуку
Павел Левінаў / facebook.com/bhc.vitebsk
Праваабаронца Павел Левінаў спытаў у Віцебскага гарвыканкама, ці можна правесці пікет на асабістай старонцы ў Facebook. Ён хацеў размясціць там нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, каб публічна выказаць погляды на "падзеі грамадска-палітычнага жыцця", піша Hrodna.life.
Левінаў нагадаў, што беларусаў судзілі за размяшчэнне ў інтэрнэце БЧБ-сцяга і прызнавалі гэта пікетам. Таму ён і папрасіў дазволіць яму пікет у ФБ.
Праваабаронца паведаміў чыноўнікам час пачатку і канца пікету. "Пасля правядзення пікетавання будзе праведзеная ўборка тэрыторыі на старонцы "Павел Левинов“ у сацыяльнай сетцы "Facebook“ ("Meta“) глабальнай сеткі інтэрнэт", — напісаў ён.
Мужчына паабяцаў выканаць патрабаванні да арганізтара пікета — "пастаянна прысутнічаць на пікетаванні", "мець адметны знак арганізатара пікетавання", "не перашкаджаць руху транспарту і пешаходаў, не ствараць перашкоды для бесперабойнага функцыянавання арганізацый".
Але намеснік старшыні аблвыканкаму Вячаслаў Дурноў адмовіў праваабаронцу. У афіцыйным адказе гаворыцца, быццам заява аформленая няправільна.
Левінаў будзе абскарджваць адказ гарвыканкама.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.