Віцебскія ўлады адмовіліся прыбіраць шапікі "Табакеркі" з прыпынкаў
Віцебскі гарвыканкам адказаў на петыцыю гараджан супраць шапікаў "Табакеркі" на прыпынках грамадскага трапнспарту, перадае Радыё "Свабода".
За два тыдні пад петыцыяй супраць шапікаў з тытунёвымі вырабамі на прыпынках падпісаліся 2035 чалавек.
У адказе, які падпісаў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Сяргей Саглаеў, гаворыцца, што няма ніякіх законных падстаў, каб забараніць устаноўку "Табакерак".
Аўтар петыцыі Яўген Крыскевіч апеляваў да нядаўняга Дэкрэту №2 "Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў" (ад 24 студзеня 2019 года). Згодна з дэкрэтам, цяпер паліць на прыпыначных пунктах забаронена. Ставіць цыгарэтныя шапікі на прыпынках, дзе забаронена паліць, — цалкам супярэчыць гэтаму пункту дэкрэта.
Дарэчы, у "Табакерках" прадаюць не толькі цыгарэты, а яшчэ шакаладкі, печыва ды іншыя ласункі, што прыцягвае да іх дзяцей і падлеткаў.
Гарвыканкам спаслаўся на тое, што абсталяванне прыпынкаў з шапікамі робіцца за кошт устаноўшчыка "Табакерак" — СЗАТ "Энерга-Оіл". А гэта дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі. Месцы "Табакерак" вызначаюцца гарадскімі ўладамі разам з інвестарам. Продаж тытунёвых вырабаў у шапіках не з'яўляецца іх рэкламаваннем.