Віцебскую абласную федэрацыю хакея ліквідуюць праз суд
У Віцебску ліквідуюць федэрацыю хакея / pixabay.com
У Віцебску праз суд ліквідуюць абласную федэрацыю хакея, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Адпаведны пазоў падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Пасяджэнне Віцебскага абласнога суда прызначанае на 4 красавіка. Разглядаць справу будзе суддзя Вольга Ільюшонак.
Віцебская абласная федэрацыя хакея была зарэгістраваная як грамадскае аб'яднанне ў 2006 годзе. Традыцыйна на яе чале стаялі начальнікі УУС Віцебскага аблвыканкама. Праўда, цяпер старшынёй з'яўляецца былы рэктар Віцебскага медуніверсітэта Анатоль Шчасны.
Па стане на 1 студзеня 2022 года ў ГА "Віцебская абласная федэрацыя хакея" было 78 чалавек.
Хутчэй за ўсё, арганізацыя трапіла пад "зачыстку" грамадскіх аб'яднанняў, якая ідзе ў Беларусі з ліпеня 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.