Віцябляніну пагражае 8 гадоў калоніі за мультфільмы жанру хентай у сацсетцы
20-гадоваму віцябляніну пагражае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Расследаванне яго крымінальнай справы завяршыў Віцебскі гараддзел Следчага камітэта, пішуць "Народныя навіны Віцебска". Як выявіла следства, два гады — з 2014-га па 2016-ы — малады чалавек збіраў на розных інтэрнэт-сайтах мультфільмы ў жанры хентай, а затым распаўсюджваў іх, размяшчаючы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.
Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці прыйшла да высновы, што гэтыя відэаролікі змяшчаюць розныя сцэны палавых зносін і адносяцца да парнаграфічных з удзелам непаўналетніх.
Віцябляніна абвінавацілі ў захоўванні з мэтай распаўсюду і распаўсюдзе парнаграфічных відэафільмаў з выявай заведама непаўналетняга. Да таго ж, маладога чалавека ўжо прыцягвалі да адказнасці за распаўсюд парнаграфіі праз інтэрнэт.
Цяпер яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.