Відэа, як беларуска Таццяна Халадовіч выйграла золата на чэмпіянаце Еўропы
Беларуска Таццяна Халадовіч выйграла золата ў кіданні кап'я на чэмпіянаце Еўропы ў Амстэрдаме. У сваёй другой спробе яна паказала вынік 66 метраў 34 сантыметра (гэта новы рэкорд нашай краіны). Немка Лінда Шталь была другой — 65 м 25 см, на трэцім месцы — харватка Сара Колас з вынікам 63 м 50 см.
Таццяне Халадовіч 25 гадоў. Дагэтуль на чэмпіянатах Еўропы і свету ў яе не было медалёў. Летась яна заняла першае месца на Універсіядзе. Пасля перамогі ў Амстэрдаме Халадовіч прызналася, што думае пра Алімпіяду і адчувае, што можа палепшыць свой вынік.
Як паведамляла Еўрарадыё, раней на кантынентальным першынстве срэбраны медаль заваявала беларуска Аліна Талай (у бегу на 100 метраў з бар'ерамі). У нядзелю ўвечары за медалі пазмагаецца кідальнік молата Іван Ціхан.