Відэакамеры, якія маглі зняць выкраданне журналіста ў Тбілісі, не працавалі
Фота: Reuters
Жонка выкрадзенага ў Тбілісі азербайджанскага журналіста Афгана Мухтарлы Лэйла Мустафаева й адвакат Арчыл Чапікашвілі азнаёміліся з матэрыяламі справы. Адвакат Мухтарлы сцвярджае, што відэакамеры, якія маглі зняць перамяшчэнні выкрадальнікаў Мухтарлы, не працавалі. Па словах адваката, усе гэтыя відэакамеры знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі, і ні на адной з іх няма запісу, піша JAMnews.
Чапікашвілі асцерагаецца, што злачынства можа застацца нераскрытым.
"Запісаў не існуе, што кажа пра тое, што першапачатковыя высновы, зробленыя намі, фактычна застаюцца ў сіле. А менавіта — расследаванне праводзілася толькі для таго, каб пра яго можна было заявіць. Без відэаматэрыялаў, без ідэнтыфікацыі транспартнага сродку, на якім быў вывезены Мухтарлы, праўду высветліць немагчыма. Нягледзячы на тое, што прайшоў цэлы месяц, транспартны сродак, на якім Афган Мухтарлы з моста Бараташвілі накіраваўся ў бок дома, не ідэнтыфікаваны, і ў гэтым кірунку няма нічога новага", — заявіў Чапікашвілі.
Выданне "Паймтайм" яшчэ 19 чэрвеня паразмаўляла з нагоды гэтай справы з міністрам унутраных спраў Грузіі Гіоргій Мгебрышвілі. Чыноўнік выключыў верагоднасць удзелу супрацоўнікаў яго ведамства ў выкраданні Афгана Мухтарлы. Ён таксама заявіў, што на канфіскаваных запісах відэакамер не зафіксаваныя супрацоўнікі паліцыі ў форме.
"У цэлым, як вы думаеце, нават пры самым неверагодным развіцці падзей, крымінальная паліцыя ў форме выкрадае сярод белага дня чалавека і гэтага ніхто не бачыць?! Такая версія нават тэарэтычна недапушчальная. Разам з гэтым мы на падставе рашэння суда канфіскавалі ўсе відэазапісы лакацыі і магчымага маршруту Афгана Мухтарлы, названыя яго адвакатам, апыталі мноства людзей. З упэўненасцю магу сказаць, што на названых участках, на прылеглых да іх тэрыторыях наогул не зафіксаваныя людзі ў паліцэйскай форме", — заявіў Мгебрышвілі.
Журналіст Афган Мухтарлы перабраўся ў Грузію з Азербайджана ў 2014 годзе з-за ціску ўладаў. Некалькі яго зваротаў у Еўрапейскі суд па правах чалавека знаходзяцца ў працэсе разгляду. У апошні час ён супрацоўнічаў з міжнароднымі арганізацыямі і медыя — IWPR і Meydan.tv
Мухтарлы знік у Тбілісі 29 мая 2017 года. Пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў азербайджанскіх праваахоўных органах. Па словах самога Мухтарлы, яго ў Грузіі выкралі мясцовыя спецслужбы, надзелі на галаву мяшок і перадалі азербайджанскім органам. Суд Азербайджана прысудзіў Мухтарлы да папярэдняга зняволення тэрмінам на тры месяцы за незаконнае перасячэнне мяжы і ўвоз кантрабанды. Па словах Мухтарлы, на мяжы яму падкінулі дзесяць тысяч еўра.